Венядзіктаў: Расійскі «Газпрамбанк» не будзе купляць дзяржаблігацыі Беларусі да вызвалення Бабарыкі

Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў мяркуе, што «Газпрамбанк» не будзе ўдзельнічаць у куплі дзяржаўных аблігацый Рэспублікі Беларусь да вызвалення Віктара Бабарыкі.

Віктар Бабарыка 

Віктар Бабарыка 


«"Газпрамбанк" не будзе купляць беларускія дзяржаблігацыі на Маскоўскай біржы да вызвалення экс-кіраўніка “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі. І іншым не параіць», — напісаў у сваім тэлеграм-канале вядомы журналіст, паведамляе REFORM.by.

Нагадаем, радыёстанцыяй на 66% валодае «Газпрам-Медыя Холдынг».

Беларусь збіраецца размясціць у Расіі аблігацыі на 100 млрд. расійскіх рублёў (больш за 1 млрд. долараў па бягучым курсе). Лукашэнка 13 траўня падпісаў адпаведны ўказ. Дакументам Савету Міністраў даручана ў 2021-23 гадах размясціць у Расіі дзяржаўныя аблігацыі на суму да 100 млрд. рублёў з тэрмінам абарачэння не менш за 1092 дзён. Указам прадугледжана, што пры неабходнасці ў эмісійных дакументах будзе прадугледжвацца адмова Беларусі ад імунітэту.

Віктар Бабарыка — былы кіраўнік «Белгазпрамбанка», палітычны апанент Лукашэнкі, спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года, сабраў рэкордную для апазіцыйнага кандыдата колькасць подпісаў. 18 чэрвеня 2020 года Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, кіраўніка ініцыятыўнай групы, затрымалі. Яны знаходзяцца ў турме да гэтага часу.

У «Белгазпрамбанку» была ўведзена часовая адміністрацыя, у межах следчых дзеянняў там ускрываліся нават кліенцкія ячэйкі, што выклікала вялізны скандал.