Вінавата вайна. Сумная сітуацыя на рынку новых аўто ў Беларусі

У Беларусі сталі прадаваць крыху больш новых аўтамабіляў, але сітуацыя ўсё роўна кепская.

Легкавікі на вуліцах Мінска. Ілюстрацыйнае фота

Легкавікі на вуліцах Мінска. Ілюстрацыйнае фота

Большасць прададзеных новых аўто ў Беларусі — «Geely». Сітуацыю на беларускім аўтарынку моцна сапсавала вайна Расіі з Украінай.

Паводле статыстыкі, у сакавіку аб'ём продажаў новых легкавых аўтамабіляў вырас на 27% і склаў 1202 аўтамабілі. Але радавацца такім лічбам не выпадае, піша «Люстэрка», таму што продажы легкавых машын у 2022 годзе абваліліся на дзве траціны ў параўнанні з 2021-м.

Да таго ж, калі казаць пра рост на 27% працэнтаў у лютым, не трэба забываць пра студзень. А за першы месяц гэтага года, як пісаў «НЧ», у Беларусі афіцыйнымі дылерамі было прададзена толькі 756 легкавых машын — гэта амаль у два разы менш, чым у снежні 2022 года. А адносна аналагічнага перыяду папярэдняга года продажы новых аўто зменшыліся ў студзені на 67%.

Сітуацыя на рынку новых аўто ўсё роўна застаецца кепскай. Пра гэта распавялі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) і адзначылі, што калі параўнаць аб'ёмы продажаў у першым квартале з аналагічным перыядам мінулага года, то падзенне складае 80%.

У цяперашні час марка «Geely» з'яўляецца лідарам рынку. На яе рахунку 72% ад усіх прададзеных новых легкавых аўтамабіляў.

У БАА адзначылі, што нягледзячы на з'яўленне на беларускім рынку новых брэндаў і мадэляў аўтамабіляў, захоўваецца сітуацыя перавышэння пакупніцкага попыту над прапановай.

У асацыяцыі таксама паспрабавалі ацаніць аб'ём продажаў так званага паралельнага імпарту. Па даных БАА, у першым квартале 2023 года на ўнутраным рынку Беларусі рэалізавана не менш за 250 новых легкавых аўтамабіляў пераважна прэміум-сегмента, такіх як «BMW», «Lexus», «Land Rover», «Toyota» і «Mercedes».

Нагадаем, на нядаўнім падвядзенні вынікаў года эксперты аўтарынку распавялі, што продажы легкавых машын у Беларусі ў 2022 годзе абваліліся на дзве траціны ў параўнанні з 2021-м. Пры гэтым у мінусе апынуліся абсалютна ўсе брэнды, адчувальна «скурчыўся» і асартымент.

Такі стан спраў патлумачылі ў тым ліку высокай залежнасцю беларускіх дылераў ад імпарту аўтамабіляў з Расіі, на які прыпадае каля 80% паставак. Праз вайну ва Украіне многія аўтабрэнды згарнулі вытворчасць у РФ, праз гэта скараціўся асартымент і выраслі кошты не толькі на расійскім рынку, але і на беларускім.

Цяпер галоўную канкурэнцыю машынам ад афіцыйных дылераў усё яшчэ складаюць аўто, што ўвозяцца грамадзянамі, якія карыстаюцца паслабленнямі ў дзеючым заканадаўстве.

Акрамя кітайскай «Geely», у тройцы лідараў продажу новых аўто ў Беларусі, хоць і са значным адставаннем, знаходзяцца расійская «Lada» і яшчэ адна кітайская марка — «JAC». Агульны аб'ём прададзеных у нашай краіне кітайскіх легкавікоў у студзені 2023-га дасягнуў 78%.

У цэлым колькасць прапанаваных брэндаў у Беларусі зменшылася да 11. Мадэльны шэраг пры гэтым скараціўся да 34 найменняў (год таму было ў 4 разы больш), а кітайскіх марак у ім — цэлых 14.