Афіцыйныя продажы аўто ў пачатку 2023 года зменшыліся ўдвая ў параўнанні са снежнем

У Беларусі ў мінулым месяцы новых аўто прадалі значна менш, прычым 78 працэнтаў з іх — кітайскія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Былі надзеі, што рынак новых аўтамабіляў у Беларусі ў пачатку года пачне аднаўляцца. Аднак яны не спраўдзіліся — продажы новых легкавікоў ад афіцыйных дылераў працягваюць паказваць адмоўную дынаміку. Пры гэтым перавага кітайскіх марак як па колькасці, так і па долі даступнага ў краіне мадэльнага шэрагу становіцца ўсё больш татальнай, піша «Myfin».

Як паведаміла аўтамабільная асацыяцыя «БАА», за студзень гэтага года ў Беларусі афіцыйнымі дылерамі было прададзена 756 легкавых машын — гэта амаль у два разы менш, чым у снежні 2022 года. Адносна аналагічнага перыяду папярэдняга года продажы новых аўто зменшыліся на 67%.

На думку БАА, такая статыстыка кажа пра тое, што надзеі рынку на паступовае аднаўленне продажаў аказаліся пакуль заўчаснымі. Пры гэтым галоўную канкурэнцыю машынам ад афіцыйных дылераў усё яшчэ складаюць аўто, што ўвозяцца грамадзянамі, якія карыстаюцца паслабленнямі ў дзеючым заканадаўстве.

«Гэты ўвоз перашкаджае і прыходу на дылерскі рынак новых кітайскіх, іранскіх і іншых аўтавытворцаў у сілу адсутнасці спрыяльнага канкурэнтнага асяроддзя», — гаворыцца ў заяве БАА.


Цяпер у продажах новых аўто працягваецца дамінаванне аднаго вытворцы — кітайскага канцэрна «Geely»: за мінулы месяц у Беларусі новых гаспадароў знайшлі 543 аўтамабілі гэтай маркі, прычым больш за дзве траціны з іх былі сабраны на беларускім заводзе кампаніі.

Таксама ў тройцы лідараў, хоць і са значным адставаннем, знаходзяцца расійская «Lada» і яшчэ адна кітайская марка — «JAC». Агульны аб'ём прададзеных у нашай краіне кітайскіх легкавікоў дасягнуў у студзені 78%.

У цэлым колькасць прапанаваных брэндаў у Беларусі зменшылася да 11. Мадэльны шэраг пры гэтым скараціўся да 34 найменняў (год таму было ў 4 разы больш), а кітайскіх марак у ім — цэлых 14.