За чый кошт Пуцін ратуе Лукашэнку?
Міністэрства фінансаў Беларусі разлічвае атрымаць расійскі крэдыт памерам у 2 мільярды долараў на пачатку 2014-га. І хоць ва ўрадзе разлічвалі на большую суму, гэтых сродкаў будзе дастаткова для краіны амаль на год, падлічылі эканамісты.
Між тым, як зазначыў сам Лукашэнка, у Крамлі «гэтак проста нічога не робяць». А таму ці не абернецца маскоўскі падарунак скрыняю Пандоры?
26.12.2013: Пуцін ратуе Лукашэнку
Войны завяршыліся. Расійска-беларускі калійны, нафтавы, малочны, мясны канфлікты разам з 2013 годам сыходзяць у гісторыю. А вось гісторыя стасункаў абедзвюх краінаў нібы распачынаецца з чыстага ліста: Крэмль вылучыў крэдыт афіцыйнаму Мінску. Гэткі вынік, дадатковая пазыка на 10 гадоў памерам у 2 мільярды долараў, для кіраўніка Беларусі — нібы калядны падарунак.
Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:
“Я вельмі ўдзячны вам за тое, што вы пастанавілі падтрымаць эканоміку Беларусі ў гэты надзвычай складаны час. Падтрымка не будзе проста так праедзеная”.
Зрэшты, не толькі такое абяцанне прагучала з беларускага боку. Яшчэ да візіту Лукашэнкі ў Маскву з вуснаў высокіх чыноўнікаў нашай краіны прагучала інфармацыя пра гатоўнасць прадаць рускім долю ў шэрагу прадпрыемстваў.
Аляксандр Сінкевіч, эканаміст:
“Як толькі далі гэтыя абяцанні, адразу ж пайшоў рух і ў пытаннях крэдытаў, і па пытаннях паставак нафты на наступны год”.
Але гэта не адзіны аргумент, які мог расшчодрыць Уладзіміра Пуціна.
Раман Якаўлеўскі, палітычны аглядальнік:
“Галоўнае пытанне для яго сёння — перажыць спакойна сочынскую алімпіяду. І нейкія недарэчнасці для яго з Беларуссю ці Украінай вельмі непажаданыя. Таму адсюль і такая шчодрасць: Украіна атрымала грошы. Таксама даў і, як бы хто ні быў супраць гэтага, Лукашэнку”.
Яшчэ адзін магчымы матыў добразычлівасці Масквы застаўся невядомым грамадскасці, звяртае ўвагу расейская прэса.
Выданне «Коммерсантъ»:
«Не агучаным засталося яшчэ адно падпісанае пагадненне — наконт вайскова-тэхнічнай супрацы паміж Расіяй і Беларуссю. Імаверна, гэта і ёсць сапраўдны кошт пытання. Гэта менавіта тое, з-за чаго Аляксандр Лукашэнка штораз вяртаецца ў Маскву па перамогу».
Але атрымліваць перамогу становіцца штораз складаней. Напярэдадні сустрэчаў у Маскве беларускі бок разлічваў на крэдыт памерам у 3 мільярды долараў. Бо не толькі існуе неабходнасць выплочваць заробкі ў краіне, але і абслугоўваць ранейшыя пазыкі.
Уладзімір Амарын, першы намеснік міністра фінансаў РБ:
“Плацяжы вонкавым доўгу Беларусі ў 2014 годзе складуць 3,2 мільярды долараў. Для гэтага мы плануем прыцягваць як вонкавыя, гэтак і ўнутраныя пазыкі ў замежнай валюце”.
Але і гэтыя намаганні могуць быць марныя. У прыватнасці эксперты Еўразійскага банку развіцця і рэканструкцыі агучылі папярэджанне, што прыцягненне ў краіну простых замежных інвестыцыяў і атрыманне вонкавых пазык не развяжуць сістэмных праблемаў беларускай эканомікі. Зрэшты, зразумела гэта становіцца не толькі экспертам у галіне гаспадаркі.
Жыхары Мінску:
“Калі магу аддаць, то тады і магу пазычыць”.
“А ці Беларусь можа цяпер аддаваць?”.
“Я думаю, што нічога не можа”.
“А дзе ж яны дзяюцца пасля, гэтыя крэдыты, якія мы набіраем ўвесь час?”.
“Расія — нашыя суседзі, нашыя браты. Таму хто ж нам яшчэ дапаможа? Хто ж нас яшчэ выручыць?”.
“Я наагул супраць крэдытаў, бо гэта ўсё вам плаціць трэба будзе”.
І з улікам агучанага крэдыту з Расіі, доўг краіны вырасце да 39 мільярдаў долараў, а гэта на кожнага беларуса, разам з немаўлятамі, — па 4 тысячы долараў.