Знешні дзярждоўг Беларусі павялічыўся да 13 мільярдаў долараў

Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 красавіка 2016 года склаў 362,2 трлн. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года на 33,7 трлн. рублёў, або на 10,2%, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Фота www.companion.ua

Фота www.companion.ua


Пры гэтым знешні дзяржаўны доўг па стане на 1 красавіка склаў 13 млрд. долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 528 млн. долараў (з улікам курсавых розніц), або на 4,2%.
Апошні раз мяжу ў 13 млрд. долараў аб'ём знешняга дзярждоўгу Беларусі дасягаў у 2014 годзе.
Згодна са звесткамі Мінфіна, у студзені—сакавіку 2016 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 686,5 млн. долараў ЗША: 500 млн. долараў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 88 млн. долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 87,4 млн. долараў — банкаў КНР; 11,1 млн. долараў — МБРР.
Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2016 года склала 225,8 млн. долараў ЗША: 88,3 млн. долараў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 75 млн. долараў ЗША — урад Расійскай Федэрацыі; 49,3 млн. долараў ЗША — банкі КНР; 12,5 млн. долараў — МБРР; 0,7 млн. долараў — ЗША.
Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 красавіка 2016 года склаў 101,0 трлн. рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 3,6 трлн. рублёў (за кошт курсавых розніц), або на 3,7%.
За студзень—сакавік 2016 года размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 405,8 млн. долараў ЗША і 600 млрд. рублёў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 566,5 млн. долараў ЗША і 1 млрд. 935 млн. рублёў.
Нагадаем, за 2015 год дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь вырас на 131,1 трлн. рублёў, або на 66,4%, і на 1 студзеня 2016 года склаў 328,6 трлн. рублёў.
Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 студзеня 2016 года склаў 12,4 млрд. долараў ЗША, зменшыўшыся з пачатку 2015 года на 133,9 млн. долараў (з улікам курсавых розніц), або на 1,1%.

Аляксей Арэшка, БелаПАН