10 прапановаў Лукашэнку, як «перазагрузіць» дэкрэт пра «дармаедаў»
Аляксандру Лукашэнку «паклалі на стол» праект зменаў у дэкрэт № 3, які ён абяцаў абнавіць да 1 кастрычніка. Што менавіта прапануюць змяніць у дэкрэце, не ўдакладнялася: гаварылася, што далі новую назву і правялі «карэнную рэканструкцыю». Tut.by распытаў чыноўнікаў, якія менавіта змены прапануюцца.
Новая назва: дэкрэт «па спрыянні занятасці». Гэта раней пацвердзіў намесьнік міністра працы Валер Кавалькоў.
Пастаяннае абнаўленне спісу «не занятых у эканоміцы». Паводле дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў, старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Тамары Красоўскай, да 1 лістапада прапануецца вызначыць, хто такія «не занятыя ў эканоміцы» і сфармаваць абнаўляльныя базы такіх на мясцовым і рэспубліканскім узроўнях.
Тэрыторыі з «асаблівым напружаннем на рынку працы». Паводле Красоўскай, прапануецца праз урад і аблвыканкамы вызначаць спіс такіх тэрыторыяў, весці маніторынг «якасці і даступнасці паслуг у садзейнічанні занятасці».
Спытаць «дармаедаў», чаму не працуюць. Паводле Красоўскай, «дармаедаў» будуць выклікаць на размову з мясцовымі органамі ўладаў і пытаць, «калі людзі не працуюць, то чаму». З кожным (з амаль паўмільёна?) «дармаедаў» абяцаюць праводзіць «індывідуальную работу».
Рэсацыялізацыя асацыяльных. Паводле Красоўскай, прадугледжаныя «захады ў рэсацыялізацыі асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Калі выканкамы пабачаць, што чалавек ня хоча працаваць, «будуць думаць, што з ім рабіць».
«Дармаедскія» камісіі. Паводле Красоўскай, каардынаваць працу ў рэалізацыі дэкрэту будуць пастаянныя камісіі, створаныя мясцовай адміністрацыяй. У склад камісіяў прапануецца ўключыць раённых дэпутатаў, спецыялістаў з органаў працы, занятасці, сацыяльнай абароны, ЖКГ і іншых. Менавіта камісіі будуць паведамляць людзям, што яны «дармаеды», і сачыць за іхным працаўладкаваннем цягам кварталу пасля інфармавання.
«Дармаедам» падвысяць «камуналку»? Паводле Красоўскай, прапануецца з 1 студзеня 2019 году аказваць «не занятым у эканоміцы» камунальныя паслугі па цэнах з «поўнай кампенсацыяй» выдаткаў на іх аказанне — прынамсі, паслугі цепла- і газазабеспячэння. Што гэта значыць, не зусім зразумела: раней гаварылася, што ўсе беларусы будуць кампенсаваць выдаткі за «камуналку» на 100% з 2019 году, а то і з 2018-га. Паводле дырэктара Інстытуту эканомікі Акадэміі навук Беларусі Валера Бельскага, гэтая прапанова разглядалася як «часовая».
Пазбавіць «дармаедаў» бясплатнай медыцыны. Гэта раней прапаноўваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк — увесці «карту сацыяльнага страхавання» і не аказваць бясплатных сацыяльных паслуг тым, хто не працуе. Паводле Бельскага, гэтая прапанова супярэчыць Канстытуцыі.
Пашырыць спіс «недармаедаў». Гэта прапаноўвала сталічная служба занятасці: «магчыма, гэта хатнія гаспадыні, прынамсі тыя, хто выхоўвае дзяцей да 14 гадоў».
Прымусовае працаўладкаванне пасля выхаду з турмы. Таксама згаданая служба прапаноўвала ўнесці праўкі ў крымінальнае заканадаўства, каб пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі (у тым ліку лячэбна-працоўных прафілакторыяў) чалавек быў абавязаны працаўладкавацца і адпрацаваць на адным месцы 2 гады (цяпер падобная схема ўжываецца для студэнтаў-«бюджэтнікаў», але яны могуць «адкупіцца» ад размеркавання, выплаціўшы поўны кошт свайго навучання).
Пра тое, ці ад імя рабочай групы прапаноўваецца Лукашэнку проста скасаваць дэкрэт № 3, не паведамляецца. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая перадавала ў адміністрацыю Лукашэнкі праект АГП, у якім прапаноўвалася замест «падатку на дармаедаў» увесці адрасную грашовую падтрымку ў залежнасці ад прыбытку, даваць ваўчары на пачатковую і сярэднюю адукацыю і ўвесці індывідуальнае медыцынскае страхаванне.
svaboda.org