10 дзён з жыцця незалежнага прафсаюза

У прадстаўніцтва прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці людзі звяртаюцца па розных пытаннях, пачынаючы ад працоўных, сацыяльна-эканамічных і заканчваючы сямейнымі і бытавымі. У месяц прававой службай прафсаюза даецца каля 40 юрыдычных і прававых кансультацый, у судах у сярэднім прадстаўяюцца інтарэсы членаў прафсаюза па 4–5 справах.



sudalenka.jpg

Леанід Судаленка. Фота spring96.org

Пра 10 дзён прафсаюзнага жыцця распавядае прававы інспектар прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка:

— У цяперашні час у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля слухаецца грамадзянская справа па пазове ААТГ «Дабрабыт» да сваіх работнікаў аб кампенсацыі шкоды ў памеры каля 29 мільёнаў рублёў, нанесенай пры выкананні працоўных абавязкаў. 14 работніц пажадалі, каб менавіта прафсаюз РЭП прадстаўляў іх інтарэсы ў судзе, уступіўшы ў нашы шэрагі. Аналагічным чынам склалася сітуацыя па пазове РУП «Гомельхлебпрам» да сваіх працаўніц — у судзе Савецкага раёна Гомеля я прадстаўляю інтарэсы 9 прадаўцоў хлебнай крамы, у якой выяўлена нястача ў памеры каля 47 мільёнаў рублёў. У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прадстаўляю інтарэсы 6 прадавачак ПУП «Гомельскі Цэнтральны рынак», дзе выявілі нястачу больш за 23 мільёны рублёў.

Акрамя традыцыйных спраў па нястачы ў гандлі наш прафсаюз актыўна вядзе ў судах і іншыя спрэчкі работнікаў са сваімі працадаўцамі. 17 мая ў судзе Чыгуначнага раёна я прадстаўляў інтарэсы члена прафсаюза, якому пры звальненні з прадпрыемства «Тытуньвінгандаль» няправільна зрабілі канчатковы разлік. Па гэтай справе мы змаглі заключыць міравое пагадненне, згодна з якога прадпрыемства пагадзілася выплаціць на карысць былога работніка нявыплачаную грашовую суму пры звальненні.

Былому слесару заводу пеністых вінаў працадаўца пры звальненні «забыўся» выдаць працоўную кніжку, а цяпер высветлілася, што наогул яе згубіў. Будзем патрабаваць у судзе Гомельскага раёна аднавіць працоўную з выплатай на карысць работніка сярэдняга заробку амаль за 70 месяцаў. У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля наш прафсаюз дапамагае кіроўцу-дальнабойніку спагнаць са свайго былога працадаўцы нявыплачаны канчатковы разлік па камандзіроўках за мяжу.

29 мая ў судзе Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці пачнецца слуханне справы па зыску члена нашага прафсаюза да Беларускай металургічнай кампаніі аб спагнанні нявыплачанай пенсіі за тэрмін каля 4-х гадоў. Гэта справа цікава тым, што працадаўца прапусціў тэрмін для адпраўлення работніцы на пенсію ў 50 гадоў, а спахапіўся толькі праз 4 гады. Лічым, што мы зможам спагнаць на карысць работніцы нявыплачаную па віне наймальніка пенсію за 48 месяцаў.

Успамінаючы самы пацешны выпадак, па якому давялося адстойваць правы работнікаў у судах, прафсаюзны юрыст распавёў, як дырэктар аднаго з прыватных прадпрыемстваў Гомеля ў судзе на пальцах спрабаваў паказаць, як ён парушыў закон. Ярка выяўленым каўказскім акцэнтам гаспадар кафэ, падняўшы ўверх указальны палец рукі, звярнуўся да суддзі: «Таварищ судья, я чуть-чуть нарушил права работников», і паказаў на ​​пальцах гэтае чуть-чуть.

Praca-by.info