28 сакавіка пачнуць судзіць Сафію Сапегу

Разгляд крымінальнай справы расіянкі Сафіі Сапега пачнецца 28 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Пра гэта Бі-Бі-Сі расказаў адвакат сям'і Антон Гашынскі.

sapieha_2203.jpg

Дзяўчыну затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам, зняўшы іх з прымусова пасаджанага ў Беларусі рэйса Ryanair.

Спярша яе абвінавацілі ў адміністраванні «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», дзе публікуюцца асабістыя даныя сілавікоў. Потым стала вядома, што Сафіі выставілі абвінавачанне па сямі артыкулах крымінальнага кодэкса.

Сапега заключыла дасудовае пагадненне са следствам і выступала на дзяржаўным тэлебачанні. Тым не менш ёй пагражае шэсць гадоў зняволення.

Па словах айчыма, у снежні 2021-га яна падала Аляксандру Лукашэнку прашэнне аб памілаванні, нагадвае «Еўрарадыё».

Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.