+7 новых палітвязняў. Агулам іх ужо 167

Сёння праваабаронцы паведамілі аб прызнанні палітвязнямі Арцёма Міцука, Аляксандра Драздова, Рыгора Гунько, Давіда Збаранскага, Марка Антонава, Ігара Рудчыка і Уладзіслава Зяневіча.

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Яна Трусіла

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Яна Трусіла


Арцёму Міцуку, Аляксандру Драздову, Рыгору Гунько, Давіду Збаранскаму, Марку Антонаву, Ігару Рудчыку прад'яўлены абвінавачванні па ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі"), Уладзіславу Зяневічу — па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак").
У сваёй заяве праваабаронцы адзначаюць, што "сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат".
Таксама праваабаронцы адзначаюць, што "дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі".
Пераслед Арцёма Міцука, Аляксандра Драздова, Рыгора Гунько, Давіда Збаранскага, Марка Антонава, Ігара Рудчыка і Уладзіслава Зяневіча праваабаронцы ацэньваюць як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
Тэкст заявы апублікаваны на сайце Вясны.