8 сакавіка падчас вайны. Паглядзіце, як 7 экалагічных актывістак Беларусі мяняюць свет да лепшага

ААН пазначыў тэму Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка 2022 года як «Гендарная роўнасць сёння дзеля экалагічна ўстойлівага заўтра». У гэты дзень «Экадом» расказвае пра некалькіх жанчын з вялікай колькасці выдатных экалагічных актывістак Беларусі, якія працуюць над захаваннем навакольнага асяроддзя і дзікай прыроды нашай краіны.

2_500.jpg

Марыя Сума: «Нават маленькае дзеянне мае значэнне»

Марыя — біяхімік, каардынавала праекты «Цэнтра экалагічных рашэнняў», кансультантка экалагічных праектаў па пытаннях гендарнай роўнасці, выкладчыца курса «Экалогія і сацыяльная справядлівасць» у Школе «Экаідэі».

Працавала над праектам «Зялёная карта» — інтэрактыўнай картай пунктаў збору адходаў і непатрэбных рэчаў.

Удзельнічае ў кампаніі «My cup, please!», якая заклікае карыстацца сваім кубкам у кавярнях, скарачаючы адходы.

Прасоўвае канцэпцыю «Нуль адходаў», або «zero waste», сутнасць якой — думаць не толькі пра перапрацоўку адходаў, але дамагчыся таго, каб яны не ўтвараліся або ўтвараліся ў меншай колькасці.

Займаецца новымі для Беларусі тэндэнцыямі, напрыклад, забруджваннем водных аб'ектаў мікрапластыкам.

Вольга Каскевіч: «[у працы з грамадскімі кампаніямі] я раблю акцэнт не проста на забароне нейкіх дзеянняў у працы з праблемай, а на пошуку цікавых альтэрнатыў, якія апаненты могуць пераняць на практыцы і атрымаць з гэтага выгаду»

1_539.jpg

Вольга — інжынер-эколаг, адна са стваральнікаў і каардынатарка грамадскіх кампаній і прыродаахоўных праектаў ГА «Багна». Абараняе права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і права дзікай прыроды на існаванне.

Вольга стаяла ля вытокаў кампаніі па абароне балот у Беларусі і пасля стала галоўнай каардынатаркай гэтай кампаніі. Дзякуючы і яе намаганням была захавана частка балот, распрацавана стратэгія, а пазней і закон па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні балот Беларусі.

Некалькі гадоў была дырэктаркай «Школы экалагічнага актывіста» таварыства «Зялёная сетка», дзе курыравала працэсы і надавала ўвагу ўсім удзельнікам і ўдзельніцам, натхняючы будучых экаактывістак і экаактывістаў. Удзельнічала ў арганізацыі Фестывалю творчых практык, які праходзіў проста на балотах, серыі кінапаказаў, у тым ліку, дакументальнага фільма «Подых балот», навучальных варкшопаў для самых маленькіх.

У якасці нацыянальнай каардынатаркі міжнароднай праграмы больш за пяць гадоў працавала над захаваннем экасістэм Палесся і выступала супраць будаўніцтва воднага шляху Е40.

Цяпер працуе над праектамі, звязанымі з кіраваннем прыроднымі тэрыторыямі і зменамі клімату на еўрапейскім кантыненце.

Марына Дубіна: «Вельмі важна фіксаваць нават самыя маленькія перамогі. Бо вельмі часта мы не бачым хуткіх вялікіх змен і пачынаем думаць, што нічога не атрымліваецца»

3_444.jpg

Марына — праваабаронца, каардынатарка прававога напрамку «Экадома».

Удзельнічала ў ініцыятыве «Ежа замест бомбаў», «Бясплатны кірмаш. Мінск». Абараняе права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Марына праводзіць семінары і трэнінгі: як мясцовым супольнасцям удзельнічаць у прыняцці экалагічна значных рашэнняў, абараняць свае экалагічныя правы.

Кансультуе грамадзян, якія сутыкнуліся з той ці іншай экалагічнай праблемай. Дапамагала кампаніі ў абарону Парка 40-годдзя Кастрычніка, за захаванне сквера Катоўка ў Мінску, супраць будаўніцтва свінакомплексаў каля Маладзечна, супраць акумулятарнага завода каля Брэста і многім іншым.

Вераніка Яновіч: «Чалавецтва павінна спыніцца і задумацца, што яно робіць са светам»

6_271.jpg

Вераніка — экаактывістка, феміністка. Выходзіла з адзіночным пікетам каля Камароўскага рынка ў Мінску, удзельнічала ў глабальнай кліматычнай забастоўцы, якую запусціла шведская школьніца Грэта Тунберг. Брала ўдзел у перформансе моладзевых актывістаў.

Рабіла анлайн-часопіс «Камон, Беларусь», прысвечаны супольнасцям, якія бяруць на сябе адказнасць за кіраванне агульнымі тэрыторыямі, рэсурсамі, агульнымі інтэлектуальнымі здабыткамі і, у рэшце рэшт, агульнай будучыняй для сябе, сваіх дзяцей і краіны.

Абараняе «зялёныя» каштоўнасці, ініцыюе адукацыйныя мерапрыемствы.

Не лічыць чымсьці незвычайным экалагічны лад жыцця і лічыць, што гэта павінна быць нормай, а не гераізмам — пачынаючы ад сартавання смецця і заканчваючы скарачэннем уласнага вугляроднага следу. Упэўненая, што адказнаму стаўленню да прыроды трэба прывучаць з дзіцячага садка.

Ірына Сухій: «БелАЭС нельга было запускаць ніколі. Мы бачым кучу недаробак, незразумела, навошта і куды мы бяжым, што і каму хочам даказаць. Рызыкаваць здароўем, бяспекай і жыццём людзей абсалютна амаральна і недапушчальна»

5_384.jpg

Ірыну часам называюць маці экалагічнага руху Беларусі: прадставіць развіццё гэтага руху без яе ўдзелу сапраўды вельмі складана. У 1996-м Ірына стала адной з заснавальніц «Экадома» — адной з найстарэйшых экаарганізацый краіны. Яна таксама ўдзельнічала ў стварэнні экалагічнага таварыства «Зялёная сетка».

У тым ліку дзякуючы Ірыне з'явілася «Беларуская антыядзерная кампанія» (БАЯК), а тэма АЭС усе гэтыя гады трымалася на слыху ў беларусаў і не заставалася без увагі экалагістаў. Ірына — сустаршыня Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», які кансультуе і дапамагае сотням актывістак і актывістаў абараніць свае экалагічныя правы. Сама Ірына не раз падвяргалася пагрозам, ціску, ператрусам, затрыманням і штрафам за сваю грамадзянскую пазіцыю, але пры гэтым працягвае дзейнасць.

Кацярына Мікалаева: «Людзям патрэбны штуршок, каб удзельнічаць у ахове прыроды. Мы хочам уцягнуць іх у экарух, павысіць экалагічную свядомасць і дапамагчы ім на месцах вырашыць праблемы свайго рэгіёна»

4_416.jpg

Кацярына вядомая як менеджарка рэгіянальных экалагічных праектаў. Падчас працы ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» вяла праекты, накіраваныя на ўмацаванне лідарства і ўдзел мясцовага насельніцтва ў рэгіёнах, у тым ліку дзяцей, у прыродаахоўнай дзейнасці.

Зараз Кацярына працуе менеджаркай праектаў «Франкфурцкага заалагічнага таварыства» ў беларускім Палессі. Пад яе чулым кіраўніцтвам была сабрана наймацнейшая каманда экспертак і экспертаў, якім удалося павялічыць плошчу заказніка «Альманскія балоты» на 10 000 га, падрыхтаваць сотні ахоўных пашпартоў рэдкіх відаў жывёл і раслін, а таксама ўцягнуць мясцовых актывістак і актывістаў у ахову дзікай прыроды.

Анастасія Дарафеева: «Існаванне партыі «Зялёныя» можа здацца бескарысным. Але такая арганізацыя патрэбная. Бягучая палітычная сітуацыя ў краіне не назаўсёды, і калі-небудзь сістэма прыняцця рашэнняў зменіцца»


7_191.jpg

Анастасія — экаактывістка, феміністка, актывістка «Беларускай антыядзернай кампаніі» (БАЯК). Яна ўдзельнічала ў арганізацыі акцый «Чарнобыльскі шлях», акцый супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС і за пераход Беларусі на аднаўляльную энергетыку.

Анастасія 4 гады была старшынёй Беларускай партыі «Зялёныя». Яна — трэнерка нефармальнай адукацыі, арганізатарка міжнародных адукацыйных лагераў для актывістаў і мерапрыемстваў у сферы «зялёнай» палітыкі па тэмах «зялёнай» энергетыкі, устойлівасці і ўстойлівай эканомікі, удзелу грамадскасці.

Зараз Анастасія займаецца развіццём супольнасцей, тэмамі «зялёнай» энергетыкі і «зялёнай» эканомікі.