«Чорная ноч» Беларусі: што, дзе, калі

За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКУС расстраляла больш за сотню беларускіх дзеячоў культуры розных нацыянальнасцей. У іх ліку былі Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Платон Галавач ды інш. Гэта была кульмінацыя вынішчэння саветамі беларускіх элітаў.

331_1.jpg

У памяць пра «чорную ноч» у Беларусі пройдуць разнастайныя мерапрыемствы.
Мікалай Статкевіч запрашае 29 кастрычніка ўшанаваць памяць расстраляных паэтаў у традыцыйным «Ланцугу памяці» каля будынку КДБ на пр. Незалежнасці ў Мінску. Пачатак а 19 гадзіне.
«Заклікаю ўсіх, хто памятае і разумее, узяць удзел у традыцыйным «Ланцугу памяці» каля таго месца, дзе адбылося масавае забойства беларускай культурнай эліты. Калі мы адкрыта і публічна не асуджаем ранейшыя ці сённяшнія злачынствы ўлады, то фактычна прымаем іх», – напісаў палітык на сваёй старонцы ў фейсбуку.
Канцэртная прэм'ера праекту «(Не)расстраляная паэзія» ад парталу TuzinFm адбудзецца 29 кастрычніка ў мінскім клубе «Бруге» (пр-т Партызанскі, 6а). Пачатак а 19 гадзіне.
У арт-прасторы «ВЕРХ» (вул. Куйбышава, 22, 6-ты паверх) 29 кастрычніка культурна-асветніцкая ўстанова «Культура роднага краю» і Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі ладзяць музычна-літаратурную праграму на словы рэпрэсаваных паэтаў «У цемры восеньскай начы». У праграме:
-гурт “БАЛЦКІ СУБСТРАТ”, -барды Аляксей Жбанаў і Раман Яраш, -відэа-прэзэнтацыя Віртуальнага музэю савецкіх рэпрэсій у Беларусі. Пачатак у 22:00. Уваход вольны.
Малады Фронт прапануе ўшанаваць ахвяраў рэпрэсій літаратурнымі чытаннямі ў Курапатах. «Ноч паэтаў» пачнецца 29 кастрычніка а 23 гадзіне і працягнецца да самай раніцы.  У імпрэзе абяцаюць удзел гісторыкаў, паэтаў і музыкаў. Апранайцеся пацяплей, бярыце з сабой тэрмасы з гарбатай і шмат знічак.
30 кастрычніка Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае ўшанаваць памяць усіх ахвяр сталінскага палітычнага тэрору. Удзел у вечарыне бяруць: Радзім Гарэцкі, Марат Гаравы, Анатоль Сідарэвіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Марына Шыбко. Музычная частка: бард Таццяна Грыневіч Імпрэза адбудзецца ў галерэі TUT.BY (Мінск, праспект Дзяржынскага, 57, ст.м. "Міхалова"). Пачатак у 18.30. Уваход вольны.