Вянкі і кветкі чэкістам за іх «кіпучую дзейнасць»

У той час, як бязвінныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій дзясяткі гадоў замоўчваліся афіцыйнай прапагандай, паўсюдна паўставалі помнікі іх катам. Адзін з такіх «мемарыялаў» месціцца ў Смаргоні на Гарадзеншчыне.

Помнік чэкістам у Смаргоні

Помнік чэкістам у Смаргоні

Скульптурная кампазіцыя ў выглядзе шчыта, мяча і чырвонай зоркі з савецкай атрыбутыкай усталяваная на ўваходзе ў гарадскі парк. На мармуровай пліце надпіс па-руску: «Слава чекистам, павшим в борьбе с врагами нашей Родины».
Што за ворагі супрацьстаялі супрацоўнікам НКУС, не ўдаклядняецца, але ў святле сённяшняга дня выглядае, што заміналі жыць перадусім свае ж грамадзяне.

Удзячнасць за дзейнасць

Удзячнасць за дзейнасць

Ужо ў паваенны час у справе выкрывальніцтва палітычных апанентаў актыўнічаў малады лейтэнант Аляксандар Іваноў. Не выключана, што менавіта яму даручылі злавіць і пакараць актывістаў паваеннага антыбальшавіцкага падполля на чале з Расціславам Лапіцкім і Факундам Несцяровічам. У выніку некалькі дзясяткаў патрыётаў атрымалі пажыццёвыя тэрміны ў лагерах, а Лапіцкі асуджаны да расстрэлу.
Зрэшты, сам Іваноў загінуў ад рук усё тых жа ворагаў савецкай улады ў 26-гадовым узросце ў жніўні 1950-га. Па іроніі лёсу, у той жа год, як была ўзятая група Лапіцкага. Уласна кажучы, праз асобу лейтэнанта-рускага і ўшаноўваюцца мясцовыя чэкісты. Спачатку ён ляжаў на гарадскіх могілках, але на рашэнне ідэолагаў быў перанесены ў больш люднае месца.
Згодна са спісам арганізацый, якія апекуюцца помнікамі героям вайны на Смаргоншчыне, добраўпарадкаваннем чэкісцкага манументу азадачаныя мясцовы аддзел камітэту дзяржбяспекі, раённая міліцыя і гарадская гімназія. Ці выходзяць на суботнікі з граблямі сілавікі, невядома, але школьнікаў, мяркуючы па ўсім, сюды выганяюць рэгулярна.

Знакі пашаны органам НКВД

Знакі пашаны органам НКВД

Тэрыторыя вакол помніка акуратна прыбраная ад лісця, пліты памытыя, абноўленыя кошык і вянок са штучнымі кветкамі. Памяць пра кіпучую дзейнасць «слаўных чэкістаў» падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні.
29 кастрычніка 1937 году здарыўся адзін з самых чорных дзён у гісторыі ўсяго беларускага народу. Карнікі НКУС расстралялі цэлую групу пісьменнікаў, сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя. Усяго ў «чорную ноч» былі знішчаны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай творчай і навуковай інтэлігенцыі і дзяржаўнага апарату.
Паводле Радыё Свабода