Абаронца Курапат патрабуе кампенсацыі маральнай шкоды ад наведвальніцы «Паедзім паядзім»

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў 31 кастрычніка звярнуўся ў суд з іскам аб спагнанні маральнай шкоды з наведвальніцы рэстарана "Паедзім паядзім" Златы Савоставай. Інцыдэнт здарыўся 27 чэрвеня, калі Злата Савостава наўмысна наехала на сваім аўто на абаронцу Курапат.

napisali_masavy_shod_a_ya_byu_ad_660x440_1.jpg


Раней Кулакоў патрабаваў прыцягнуць 29-гадовую Злату Савостову да крымінальнай адказнасці за наезд на пешаходаў, аднак УУС Мінаблвыканкама не ўгледзела прыкмет злачынства ў дзеяннях кіроўцы, якая з'ехала з месца ДТЗ.

zlata3_m.jpg


Нагадаем, 27 чэрвеня падчас курапацкай варты Злата Савостава за стырном аўто "Таёта" наўмысна наехала на Леаніда Кулакова. Прысутныя адзначалі, што дзяўчыны ў аўтамабіле рэагавалі на сітуацыю са смехам, а калі ўбачылі, што наехалі на людзей, адразу разгарнуліся і з'ехалі з месца падзей. Нават не выйшлі з машыны і не выклікалі медыкаў. Леаніда Кулакова забралі ў шпіталь на "хуткай". У яго быў дыягнаставаны пералом левай рукі.

"Здзейсненае з боку адказчыцы і па яе віне ДТЗ зняважыла маю чалавечую і грамадзянскую годнасць, прымусіла на працягу доўгага перыяду часу адчуваць фізічны боль, а таксама безабароннасць перад парушаючымі ПДР аўтааматарамі. Я пастаўлены ва ўмовы адчайнасці і безвыходнасці", — напісаў у пазове актывіст.
Памер маральнай шкоды ён ацаніў у 9000 рублёў, паведамляе gomelspring.org.
Па юрыдычную дапамогу Леанід Кулакоў звярнуўся ў свой незалежны прафсаюз РЭП да прававога інспектара Леаніду Судаленка, які пракаментаваў сутнасць прэтэнзій.
— Віна кіроўцы ўстаноўлена, жанчына прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч.5 артыкула 18.22 КаАП. Падкрэсліваю, мы аўтааматары не маем права ехаць на чалавека, які стаіць альбо ляжыць перад аўтамабілем. Я дастаткова высока ацэньваю шанцы пацярпелага ў ДТЗ выйграць гэты судовы пазоў.