«Абаронім вёску!» Беларусы выдалі дапаможнік для змагання з чыноўнікамі

У любой складанай сітуацыі вам раяць пісаць зварот.

Фота Аліны Нагорнай

Фота Аліны Нагорнай

Грамадскія актывісты юрысты Аліна Нагорная і Ігар Случак выдалі кнігу «Абаронім вёску!» Гэта дапаможнік па камунікацыі з чыноўнікамі для таго, каб прымусіць дзяржслужбоўцаў дбаць пра ўмовы жыцця людзей і выконваць сваю працу па добраўладкаванні.
«Што ўнутры? Наш досвед. Як пісаць звароты, што пісаць, куды пісаць. Што рабіць, калі праблемы не вырашаюцца і вашыя звароты ігнаруюць. Таксама прыклады зваротаў, за вырашэнне папулярных вясковых праблемаў. І адрасы, куды іх дасылаць», — распавядае пра кнігу Аліна Нагорная.


Досвед у аўтараў сапраўды грунтоўны: дзякуючы іх намаганням у вёсцы Перасека, дзе яны жывуць, ужо зроблена шмат патрэбнага: адрамантавалі дарогу, усталявалі «ляжачага паліцэйскага» і дарожныя ўказальнікі, разметка пешаходнага перахода стала нарэшце яркай і заўважнай, а ва ўсіх калодзежах цяпер чыстая вада. Сваім прыкладам аўтары кнігі намагаюцца натхніць іншых на змаганне за свае правы і слушнае размеркаванне падаткаў.


photo_2021_10_07_14_59_15_2.jpg

Аліна Нагорная і Ігар Случак з сынам Стэфанам

Аліна Нагорная і Ігар Случак займаюцца таксама пашырэннем ужывання беларускай мовы. Яны ўжо дамагліся выпуску чыгуначных і аўтобусных квіткоў на беларускай мове, выкарыстання яе на ўпакоўках розных тавараў, а таксама выдалі кнігу пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі.