Абласны суд скасаваў прысуд Вользе Сцяпанавай за смерць дзіцяці падчас хатніх родаў

31-гадовая ўраджэнка Віцебску, якая нарадзіла дома і страціла немаўля, абскардзіла вырак, абвешчаны 7 верасня ў Чыгуначным раённым судзе гораду. У выніку разгляду яе касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе вырак скасаваны, справа накіраваная на паўторны разгляд у той жа Чыгуначны раённы суд гораду Віцебску.

ed1993f2_c157_4497_9a9e_b4315fa96bb0_w1023_r1_s.jpg


Разгляд касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе праходзіў у закрытым рэжыме.
Калегія Віцебскага абласнога суду вынесла рашэнне па справе Вольгі Сьцяпанавай: прысуд першай інстанцыі адмяніць і адправіць на новы судовы разгляд. Мера стрымання для жанчыны — падпіска аб нявыездзе.
Як патлумачыла адвакатка Надзея Бірукова, на працягу 10 дзён да таго, як дакументы будуць перададзены ў Чыгуначны раённы суд Віцебска, мусіць быць прызначана новая дата разгляду. Бірукова прадстаўляла інтарэсы Сцяпанавай, яе падабаронная сёння ў суд не з'явілася.
Паводле адвакаткі, для жанчыны было б вялікім стрэсам перажыць усё наноў. Першапачаткова паседжанне было прызначана на 9.30, але пачалося толькі а 14-й.
Справу разглядала судовая калегія пад кіраўніцтвам суддзі Сяргея Бондарава.
Раённы суд, які разбіраў справу Вольгі Сьцяпанавай некалькі тыдняў, прызнаў яе вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу ёй было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах калоніі-пасялення. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджанне прысуду і пасля працэсу ў раённым судзе знаходзілася ў Віцебску пад падпіскай аб нявыездзе.
Разам з сям’ёй яна жыве ў Санкт-Пецярбургу. У родны горад Вольга Сьцяпанава прыехала мінулай восенню, каб нарадзіць тут сваё другое дзіця. З сабою яна прывезла і старэйшую дачку, бо спадзявалася, што ейная маці дапаможа даглядаць абаіх дзяцей.
Два гады таму яна нарадзіла старэйшую дзяўчынку ў хатніх умовах, прайшоўшы адмысловую падрыхтоўку на курсах для хатніх парадзіх. Аднак апошнія хатнія роды скончыліся трагедыяй: 19-га лютага ў кватэры сваёй маці Вольга Сьцяпанава нарадзіла дзяўчынку, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і дзіця ўратаваць не змаглі.
Сама Вольга Сьцяпанава вінаваціць у смерці дзіцяці медыкаў. Пра гэта яна адкрыта заявіла ў відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі, дзе просіць спыніць распачатую супраць яе крымінальную справу ды пакараць лекараў, якія, на яе думку, неналежным чынам выканалі свае прафесійныя абавязкі.
Жанчына цвердзіць, што яе пасля родаў забралі ў шпіталь з жывым дзіцём, тады як медыкі ў судзе настойвалі, што смерць немаўляці наступіла яшчэ дома ў вынікі аспірацыі каляплоднымі водамі. Такія высновы аб прычыне смерці зрабілі віцебскія эксперты. Але паўторная экспертыза ў Мінску, паводле Вольгі, прыйшла да іншых высноваў: што ў выніку ўскладненняў падчас родаў «выявіўся шэраг паталогій развіцця і функцыянальная недаразвітасць усіх жыццёва важных органаў дзіцяці. Гэта значыць, па марфалягічных прыкметах дзіця з'яўлялася неданошаным і яго ўнутраныя органы ня здольныя былі часткова ці цалкам выконваць свае функцыі».
Акалічнасці хатніх родаў і спробаў выратаваць дзіця ў медычнай установе раённы суд разбіраў у закрытым рэжыме. Нягледзячы на тое, што сама парадзіха патрабавала зрабіць працэс адкрытым.
svaboda.org