Ахвярам палітычных рэпрэсій прысвячаецца
28 лютага а 12.00 ў Мінску, на сядзібе Партыі БНФ адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя па праблемах ушанаванне памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій ў Беларусі. Яе арганізатарам выступіла грамадская ініцыятыва “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”.
Як паведаміла НЧ каардынатар ініцыятывы Ганна Шапуцька, на канферэнцыі запланаваныя выступы па раскрыццю і фіксацыі месцаў масавай згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму (1920-1950 гады), перспектывах правядзення з гэтых месцах археалагічных раскопак, пошуку Беларускага Катынскага спісу, пытаннях тэматычнай выдавецкай дзейнасці і папаўнення базы дадзеных рэпрэсаваных, праблемах аховы месцаў масавай згубы бязвінных ахвяраў (на прыкладзе гісторыі ўрочышча Курапаты), а таксама ўдасканалення заканадаўства ў сферы ахоўнага заніравання айчынных матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Сярод выступоўцаў — гісторыкі Ірына Кашталян і Ніна Стужынская, археолаг Алег Іоў, кінадраматург Уладзімір Халіп, кнігавыдавец Віктар Хурсік, грамадска-палітычныя дзеячы Ганна Шапуцька і Валерыя Чарнаморцава, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі.
Даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій ў Беларусі Ігар Кузняцоў выступіць на канферэнцыі з асноўным дакладам па тэме “Месцы масавых растрэлаў-пахаванняў перыяду 1920-1950-х гадоў у Беларусі. Праблемы ўшанавання памяці”.
Акрамя таго, на пасяджэнні працоўнай групы ініцыятывы, што адбылася 20 лютага ў Мінску, разглядаліся і іншыя пытанні, у тым ліку план дзеянняў на сакавік.
Сярод запланаванага — падрыхтоўка буклету пра Курапаты дзеля яго распаўсюду ў грамадстве; арганізацыя талакі на тэрыторыі нацыянальнага некропалю і аб’яўленне збору ахвяраванняў дзеля ўсталявання ва ўрочышчы памятных крыжоў выбітным беларусам, расстраляным сталінскімі катамі. На працягу сакавіка будзе падоўжана праца ініцыятывы па правядзенню грамадскага абмеркавання будучага праекту ахоўных зон Курапатаў і рэалізацыі рашэння грамадскасці пра неабходнасць пераносу з тэрыторыі народнага мемарыялу ў іншае месца рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол”.
Мяркуецца таксама звярнуцца ў міністэрствы культуры і адукацыі з прапановамі па папулярызацыі Курапатаў з нагоды 25-годдзя іх адкрыцця. Гаворка ідзе пра правядзенне ўрокаў памяці, экскурсій ва ўрочышчы і падрыхтоўку ў друкаваных і электронных СМІ шэрагу матэрыялаў, што тычацца гэтага знакавага для беларусаў месца.
.