«Адлічылі за чатыры прапушчаныя гадзіны»: бацька адлічанага студэнта БрДТУ судзіцца з ВНУ

Цяпер былы студэнт БрДТУ Міхаіл Якушэвіч знаходзіцца ў Польшчы. Хутка ён пачне навучанне па праграме Каліноўскага.

studenty_brgtu_20102020_bh.jpg

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 14 снежня адбылося папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскай пазове берасцейца Міхаіла Якушэвіча да БрДТу, распавядае «Брэсцкая газета». Загадам рэктара ад 28 кастрычніка гэтага года трэцякурснік, які вучыўся платна на факультэце электра-інфармацыйных сістэм, быў адлічаны «за арганізацыю 26 кастрычніка з 11.20 да 12.30 незаконнага масавага мерапрыемства ў фае ўніверсітэта».

Нагадаем, у той дзень у краіне праходзіла нацыянальная забастоўка, абвешчаная экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. На першым паверсе галоўнага корпуса БрДТУ сабралася група студэнтаў. Да іх выйшлі прарэктар па выхаваўчай працы Наталля Яловая і першы прарэктар Аляксандр Амельянюк. Студэнтаў прывялі ў аўдыторыю для дыялогу, а праз два дні стала вядома пра адлічэнне дзевяці чалавек, у тым ліку Міхаіла Якушэвіча.

Інтарэсы хлопца, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, на падставе даверанасці прадстаўляе яго бацька —таксама Міхаіл. Бацька лічыць, што яго сын не ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве. Загад аб адлічэнні, на яго думку, грунтуецца толькі на дакладной запісцы Яловай, у якой, у сваю чаргу, няма фактычных доказаў здзяйснення дысцыплінарнай правіны. Таму ў пазове ён просіць прызнаць незаконным загад рэктара БрДТУ аб адлічэнні і ўскласці на ВНУ судовыя выдаткі, звязаныя са справай.

brgtu_dokladnaya_zapiska_2020_1_e1604749586381.jpg

«У самім загадзе аб адлічэнні не прадастаўлена ніякіх доказаў віны майго сына ў здзяйсненні правіны, якая яму ставіцца. Згодна з «Кодэксам аб адукацыі», па якім студэнт можа быць адлічаны пры сістэматычных парушэннях дысцыпліны, іх павінна быць хоць бы два на працягу года. Майму сыну было зроблена толькі адно дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе вымовы, пасля чаго быў адразу адлічаны. У загадзе пазначана, што ён адлічаны за сістэматычныя парушэнні дысцыпліны, якія ўніверсітэт ніяк не пацвердзіў нам фактычна, хоць мы неаднаразова прасілі. Адказ, які нам прыйшоў за подпісам Яловай, па-першае, не прыйшоў ва ўстаноўлены тэрмін, па-другое, гэта была выпіска з копіі загаду аб адлічэнні сына», — заявіў на судзе Міхаіл Якушэвіч.

Падчас папярэдняга пасяджэння ён папрасіў далучыць да матэрыялаў справы даведку з міліцыі аб тым, што яго сын не прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

«Хачу звярнуць увагу на тое, што загад аб адлічэнні быў падпісаны двума людзьмі — непасрэдна рэктарам і прарэктарам Наталляй Яловай. Ні дэканам, ні першым прарэктарам, ні адным з юрыстаў, якія працавалі ў універсітэце, ён падпісаны не быў. Кіраўнік юрыдычнага аддзела, якая звольнілася адразу пасля гэтага, адмовілася падпісваць незаконны, на яе думку, загад», — падкрэсліў прадстаўнік пазоўніка.

Інтарэсы ВНУ на судзе прадстаўляла юрысконсульт юрыдычнага аддзела Анастасія Міронава. Па яе словах, заяўленыя іскавыя патрабаванні універсітэт не прызнае. Паводле версіі БрДТУ, 26 снежня Міхаіл Якушэвіч здзейсніў адначасова два парушэнні, што стала падставай для накладання дысцыплінарных спагнанняў. Першае — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў фае ўніверсітэта. Другое — пропуск у гэты ж час пары загадчыка кафедры «Інтэлектуальныя інфармацыйныя тэхналогіі» Уладзіміра Галаўко. У сувязі з адсутнасцю Якушэвіча на занятку выкладчык напісаў дакладную запіску — яе прадстаўнік ВНУ папрасіла далучыць да матэрыялаў справы. За першае парушэнне Міхаіл атрымаў вымову, за другое — адлічэнне.

«У сваёй тлумачальнай ад 27 кастрычніка пазоўнік фактычна пацвярджае ўчыненне абодвух правапарушэнняў, паказваючы, што прапусціў навучальныя заняткі ў сувязі з тым, што знаходзіўся сярод студэнтаў у холе галоўнага корпуса», — сказала юрысконсульт.

Яна таксама дадала, што Якушэвіч «неаднаразова быў заўважаны ў парушэнні правілаў унутранага распарадку і ў сувязі з гэтым запрашаўся на гутарку ў савет прафілактыкі».

Бацька адлічанага студэнта пацікавіўся ў Анастасіі Міронавай, за якую колькасць пропускаў студэнт можа быць прыцягнуты да дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе вымовы.

«Канкрэтная колькасць пропускаў не пазначана ні ў адным дакуменце. У дадзеным выпадку спагнанне было накладзена на падставе дакладной запіскі загадчыка кафедры», — адказала Міронава.

«Вы сцвярджаеце, што ён быў сістэматычным парушальнікам. У яго былі яшчэ пропускі?» — удакладніў бацька хлопца.

«Наконт пропускаў я не ведаю. Але тое, што ён раней быў заўважаны ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах — гэта было», — адказала Анастасія Міронава.

«Я хацеў бы, каб мне ўсё ж такі былі пададзеныя нейкія дакументы, якія пацвярджаюць, што мой сын сістэматычна парушаў дысцыпліну. Таму што на дадзены момант я бачу, што гэтыя сцвярджэнні грунтуюцца проста на словах», — сказаў Якушэвіч.

Пасля пасяджэння ён распавёў журналістам, што, калі ВНУ пасля адлічэння падаваў дакументы бацькам, ні пра якую запіску Галаўко не ішло і гаворкі, а сын ніколі не быў парушальнікам, у яго была добрая паспяховасць.

«Я размаўляў са многімі выкладчыкамі, усе як адзін казалі, што адлічылі лепшых студэнтаў. У майго сына за ўвесь перыяд не было ніякіх запазычанасцяў, ён усё здаваў своечасова. У яго не было прагулаў — акрамя тых прапушчаных чатырох гадзін 26 кастрычніка. Гэта значыць, яго адлічылі за чатыры прапушчаныя гадзіны! Ну дык давайце паглядзім табелі іншых студэнтаў. Мне нічога не даюць, але кажуць, што ён — парушальнік», — кажа Якушэвіч.

Ён лічыць, што парушаны «Закон аб адукацыі», і людзі, якія гэта зрабілі, павінны быць пакараныя.

«Нават калі гэта не адбудзецца цяпер, то я даю 100%, што аднаўлю гэтую справу, калі суды пачнуць працаваць», — сказаў Міхаіл Якушэвіч.

— А калі суд стане на ваш бок?

— Выдатна. Мы працягнем далей разбірацца і пададзім на пакрыццё маральнай і матэрыяльнай шкоды, — сказаў на заканчэнне мужчына.

Асноўнае судовае паседжанне па справе прызначана на 11 студзеня. Былы студэнт Міхаіл Якушэвіч будзе ўдзельнічаць у ім па відэасувязі.