Муж Вольгі Хіжынковай: мы вельмі хочам, каб сустрэча Олі з Акрэсціна не была масавым мерапрыемствам

Іван Марозаў звярнуўся да тых, хто чакае «Міс Беларусі» на волі. Дакладнай даты, калі яе вызваляць, па-ранейшаму няма.

131257438_3784441978286483_537421937625838644_n.jpg

«Сябры, мы, блізкія Олі, бясконца ўдзячныя за тую падтрымку, якую вы аказваеце ўсім нам ужо другі месяц, — напісаў Іван Марозаў у фэйсбуку. — Гэта шчасце — ведаць, што вакол столькі цудоўных, сумленных і добрых людзей, гатовых падставіць плячо ў цяжкую хвіліну.

На жаль, мы ўсё яшчэ не ведаем дакладнай даты выхаду Олі.

Але хацелі б загадзя звярнуцца з просьбай да ўсіх, хто неабыякавы да яе сітуацыі.

Мы вельмі хочам, каб сустрэча Олі не была масавым мерапрыемствам.

Там будуць толькі самыя блізкія.

Гэта важна як для вашай бяспекі (ніхто не ведае, як супрацоўнікі Акрэсціна паставяцца да збору людзей ля ўваходу), так і для маральнага камфорту Вольгі, якая знаходзіцца ў турме ўжо больш за месяц.

Асобная просьба да журналістаў. Мы вельмі паважаем вашу працу. Калі ласка, не прасіце каментары і інтэрв'ю. Вольга добры і адкрыты чалавек. Дайце ёй магчымасць прыйсці ў сябе і аднавіцца.

Мы вельмі спадзяемся на ваша разуменне.

Ведаючы Олю, можна з упэўненасцю сказаць, што пасля яна сама захоча сустрэцца з усімі, хто так яе падтрымліваў. А яшчэ — усе вашы лісты, падарункі і іншыя знакі ўвагі абавязкова дойдуць да адрасата.

Дзякуй вам вялікі, выдатныя людзі!»