Адміністрацыя ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска больш не прэтэндуе на будынак царквы "Новае жыццё"

Адміністрацыя ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінска адмаўляецца ад будынка, у якім размяшчаецца цяпер царква "Новае жыццё", нягледзячы на тое, што ён знаходзіцца ў яго ва ўласнасці. Пра гэта БелаПАН паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін.



99db6prot.jpg

Пра новы паварот у справе "Новага жыцця" яму стала вядома 4 снежня ад судовага выканаўцы гаспадарчага суда Мінска. Як высветлілася, заява адміністрацыі Маскоўскага раёна паступіла ў суд яшчэ 29 лістапада, затым яе пераправілі па пошце на адрас царквы, але ў выніку Луканін сам атрымаў у судзе дакументы аб спыненні іску, прад'яўленага "Новаму жыццю" яшчэ ў 2009 годзе. Судовая вытворчасць па гэтай справе спынена і перададзена ў архіў.
 


Ці азначае гэта, што гарадскія ўлады маюць намер наогул спыніць спробы выселіць царкву, пакуль не зразумела.
 


Нагадаем, выселіць царкву "Новае жыццё" з займанага будынка, якое было пабудавана вернікамі на іх сродкі на месцы разбуранага кароўніка 20 гадоў таму, гарвыканкам спрабуе ўжо сем гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, выдзеленым ёй у бестэрміновае карыстанне. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы "Новае жыццё", у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася прыкладна месяц. Удзельнікі галадоўкі змянялі адзін аднаго, увесь час знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спынена пасля таго, як уладам прыйшлося адступіць — сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону "Новага жыцця" актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні.
 


Тым не менш у 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы, а ў ліпені 2010-га гаспадарчы суд Мінска наклаў на абшчыну санкцыі на 258 млн. рублёў за "забруджванне навакольнага асяроддзя". Вернікі палічылі дзеянні ўлад незаконнымі і вырашылі не выплачваць гэтую суму. Апошнія паўтара года, прыкладна з мая 2011 года, улады не распачыналі ніякіх дзеянняў у дачыненні да царквы.
 


На 5 снежня гаспадарчым судом Мінска было прызначана прымусовае высяленне рэлігійнай абшчыны хрысціян поўнага Евангелля "Царква "Новае жыццё" з дома № 72 па вуліцы Кавалёва. Высяленне прызначана "на падставе судовага загада гаспадарчага суда горада Мінска па справе № 526-12/2009 ад 23 кастрычніка". Кіраўніку царквы прадпісана да 11.00 5 снежня "вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы патрабавальніку".
 


4 снежня царква "Новае жыццё" звярнулася ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама ад 2005 года аб канфіскацыі ў яе зямлі і будынка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН