Адукацыйны праект «Васьміног» выпусціў першых анлайн-настаўнікаў

Адукацыйны праект «Васьміног» падрыхтаваў першы выпуск настаўнікаў, якія засвоілі асновы анлайн-навучання і даведаліся, як стварыць уласныя інавацыйныя курсы для беларускіх школьнікаў.

photo_2023_08_21_11_44_15.jpg

Цягам двух тыдняў 24 педагогі з Беларусі і замежжа пад кіраўніцтвам дасведчаных метадыстаў вывучалі новыя фарматы лічбавай адукацыі. Усяго на месцы на навучанне прэтэндавалі каля 50 педагогаў.

Паводле выкладчыц інтэнсіву-практыкуму «Шлях героя да стварэння анлайн-курсу», яны імкнуліся стварыць атмасферу супрацоўніцтва і талерантнасці, каб кожны з удзельнікаў навучання мог не толькі атрымаць новыя веды, але і падзяліцца ўласным досведам. 

«Цудоўна, калі ёсць магчымасць суправаджаць настаўнікаў, якія “гараць” прафесіяй, кожны дзень робяць унёсак у будучыню, працуючы з дзецьмі. І нашае навучанне праходзіць настолькі інтэнсіўна, што ў канцы другога тыдня мы са здзіўленнем канстатуем, што праз маленькія крокі, зробленыя разам, ствараецца паўнавартасная структура курсу, якога заўгодна маштабу, фармату ды вымярэння...», — падзялілася высновамі ад працы з настаўнікам адна з выкладчыц. 

«Гэта быў выдатны курс і выдатны досвед. Я даведалася пра цудоўныя методыкі, інструменты. Было прыемна ўзаемадзейнічаць з куратаркамі і ўдзельнікамі. Адчула падтрымку, што я не адна такая настаўніца-эмігрантка, якая марыць выкладаць беларусам і яшчэ каб па-беларуску). Паверыла, што ў мяне асабіста і ў нас агулам усё атрымаецца. Дзякуй)», — адзначыла Вольга, настаўніца інфарматыкі, якая прайшла гэтыя курсы.

Глядзіце таксама

«Я вельмі хвалявалася наконт таго, ці адбяруць мяне на курс. І мая задума падавалася невыканальнай. Але дзякуючы камандзе куратараў, якая пісьменна дапамагла мне разабрацца з заданнямі, зваротнай сувязі, падтрымцы ўсіх у групе, я змагла зразумець шляхі ўвасаблення ідэі. Было вельмі здорава, што ў кожнага педагога, які задумаў курс па прадмеце, была магчымасць падвучыцца. Я веру, што калі сярод нас ёсць такія людзі, то адукацыя не страчаная, нас чакае новы і лепшы этап...» — сказала Надзея, настаўніца матэматыкі.

«Анлайн-навучанне — гэта новая рэчаіснасць. Каб зрабіць вучобу якаснай, прадукцыйнай як для вучняў, так і для настаўнікаў, ёсць алгарытм. Але які? Вы зможаце даведацца, калі пройдзеце “шляхам героя”. І, вядома, не забудзеце пра ўласную індывідуальнасць і творчы падыход», — лічыць настаўніца матэматыкі Вікторыя.

У бліжэйшы час «Васьміног» пачне збіраць заяўкі на размяшчэнне курсаў на адукацыйнай платформе. Настаўнікі змогуць падаць заяўку і атрымаць дапамогу ў стварэнні ўласнага курсу, у тым ліку метадычную і тэхнічную. У прыярытэце «Васьмінога» — беларуская мова і літаратура, культура і гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі і краязнаўства. 

Праект «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» быў ініцыяваны Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Офісам Святланы Ціханоўскай і Беларускай Радай Культуры. Ягоная афіцыйная прэзентацыя прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года. «Васьміног» адкрывае новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як унутры краіны, так і за мяжой.

Праект фінансуецца Еўракамісіяй.