Адзіны смелы беларус
Проста праз вуліцу ад выканкаму прайшла ў Магілёве акцыя супраць стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі. Адзіночны пікет зладзіў Мікалай Гладышаў. Сваю пазіцыю ён патлумачыў так: у Беларусі радыя гасцям і турыстам з Расіі, але не генералам і вайскоўцам.
МІКАЛАЙ ГЛАДЫШАЎ, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ, АГП:
«Каму хоча пагражаць Расія з нашай тэрыторыі? Беларусь — не плацдарм, не палігон расійскі, а суверэнная дзяржава».
Пратэст адзіночкі працягваўся 1,5 гадзіны. Большасць магілёўцаў абыякава праходзіла міма. Але былі і аднадумцы.
СЯРГЕЙ БРЫЦІКАЎ, ПАРТЫЯ БНФ, МАГІЛЁЎ:
«На жаль, няшмат людзей адчувае пагрозу для сябе і для сваіх сем’яў у тым, што расійскія вайскоўцы — ізноў на нашай зямлі».
Скончыўся пікет з прыходам міліцыянта. Гладышава завялі ў апорны пункт, дзе выпісалі павестку на панядзелак. Мікалай нядаўна ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Паводле кіраўніцтва
арганізацыі, на акцыю вырашыўся цалкам сам.
УЛАДЗІМІР ШАНЦАЎ, СТАРШЫНЯ АГП МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЦІ:
«Гэта — ягоны парыў душы. І ён маладзец, у адрозненне ад многіх іншых».
Іншыя абмежаваліся гучнымі словамі. Адзіночны пікет у Магілёве — на сёння ледзь не адзіная акцыя супраць расійскай авіябазы. З красавіка, калі аб новым расійскім плацдарме тонам гаспадара
заявіў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу. Пазней фармулёўку змякчылі, маўляў, база будзе супольная, там будуць і беларускія вайскоўцы. Тым не менш будучая авіябаза пад Лідай паспела паўплываць на
адносіны Беларусі з Літвою і Польшчаю. Сёлета тут з’явіцца авіяцыйная камендатура, прыляцяць першыя самалёты – універсальныя знішчальнікі, што могуць біць і паветраныя, і наземныя
мішэні. Паступова на нашай зямлі з’явіцца цэлы авіяполк. Замежны.
ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, БЕЛАРУСКІЯ ХРЫСЦІЯНСКІЯ ДЭМАКРАТЫ:
«Трэба рэагаваць на гэта неадкладна, адказ трэба даваць не толькі на ўзроўні нацыянальным, але нават на ўзроўні ўсяго ўсходне-еўрапейскага рэгіёну».
Але неадкладнасць адкладваецца – пікеты супраць авіябазы БХД унесла ў свае планы... на восень. І гэтак уся апазіцыя – пакуль абмежавалася толькі заявамі пра пагрозу суверэнітэту
і нацыянальнай бяспецы.
«Мы рыхтуем заяву ў суд, мы пройдзем усе судовыя інстанцыі, як група грамадзянаў, правы каторых парушаныя».
АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:
«Няпроста грамадзянскай супольнасці рабіць захады, каб перапыніць гэта, у нас такіх магчымасцяў няма».
Словы і справы не супадаюць і ў прэзідэнта. Авіябаза – ужо трэці расійскі вайсковы аб’ект у Беларусі — з’яўляецца пад звыклыя заклінанні аб пяршынстве незалежнасці ды пагрозах каляровых рэвалюцыяў. Сёння, падчас сустрэчы з выпускнікамі факультэту Генштабу, Лукашэнка ўзгадаў краіны «арабскай вясны», дзе цяпер «хаос, бязуладдзе і бандытызм».
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
«Такія няпростыя ўмовы абавязваюць нас забяспечваць сваю бяспеку, суверэнітэт і незалежнасць, абапіраючыся толькі на ўласныя сілы».
Тады навошта пускаць да сябе чужую авіяцыю? Калі што, яна падпарадкуецца загадам не з Мінску, а з Масквы.
Марцін Ярскі, belsat.eu