Аэрапорт прайграў суд з-за петыцыі — і мусіць выплаціць 1400 рублёў

Нацыянальны аэрапорт прайграў суд з-за петыцыі. Гэта быў першы ў Беларусі суд супраць пляцовак для петыцый. Эканамічны суд Мінска сёння, 30 жніўня, пацвердзіў, што караць за звароты ў дзяржаўныя органы неправамерна.

Фота petitions.by

Фота petitions.by

Эканамічны суд Мінска вырашыў падтрымаць пазіцыю праекта «Зручны горад», пра што паведаміла праваабарончая арганізацыя Human Constanta. Гэта быў, відаць, першы ў гісторыі Беларусі прэцэдэнт падачы пазову ў дачыненні да афіцыйнага звароту ў дзяржаўны орган.

На сённяшнім пасяджэнні пазоўнік не змог уцямна растлумачыць, чаму рэсурс petitions.by павінен выдаліць петыцыю, якая нібыта нанесла шкоду аэрапорту, і апублікаваць абвяржэнне, піша kyky.org

Суд прыняў пазіцыю праекта «Зручны горад» і пацвердзіў, што караць за звароты ў дзяржаўныя органы неправамерна. Цяпер аэрапорт абавязалі выплаціць 1400 рублёў адказчыку, каб пакрыць яго выдаткі на адваката. Справа скончаная.

 

Фота Aliaxej Kazliuk, FB

Фота Aliaxej Kazliuk, FB

Нагадаем, Мінскі аэрапорт вырашыў судзіцца з праектам «Зручны горад» з-за петыцыі. На сайце petitions.by з'явілася петыцыя «Аб зняцці абмежавання на колькасць бясплатных заездаў у аэрапорт для легальных перавозчыкаў», дзе людзі патрабавалі адмяніць платны ўезд на тэрыторыю аэрапорта для таксістаў.

Легальныя перавозчыкі могуць прыехаць сюды бясплатна толькі два разы за дзень, за кожны наступны ўезд з іх патрабуюць па дзесяць рублёў. Пры гэтым аўтамабілі службы трансферу самога аэрапорта пад гэтыя правілы па дзіўных прычынах не трапляюць.



Петыцыя «Аб зняцці абмежавання на колькасць бясплатных заездаў у аэрапорт для легальных перавозчыкаў» абразіла адміністрацыю аэрапорта. Яна падала ў суд і запатрабавала выдаліць публікацыю. Аэрапорт сцвярджаў, што петыцыя змяшчае звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.


Пра тое, як праходзіў працэс, распавядае kyky.org

Як прайшло першае пасяджэнне

Адказчыка абараняў адвакат Сяргей Зікрацкі. Суддзя адразу папрасіў пазоўніка абгрунтаваць прэтэнзіі законам, але нічога зразумелага так і не пачуў. Юрыст аэрапорта паспрабаваў апеляваць да нормаў СМІ — беспаспяхова. Пазоўнік прапанаваў паклікаць эксперта з Міністэрства інфармацыі, каб ён дапамог разабрацца, што адбываецца з інфармацыяй у інтэрнэце, і папрасіў паказаць статыстыку прагляду петыцыі, каб зразумець, як моцна разышлася інфармацыя. Суддзя адмовіў двойчы.

Калі ў судзе абвясцілі перапынак да панядзелка, супрацоўнік аэрапорта папрасіў прызначыць наступнае пасяджэнне на пачатак верасня: зусім хутка ў яе пачынаецца адпачынак. Суддзя ў саркастычна форме адмовіў і ў гэтым.

Як прайшло другое пасяджэнне

Пазоўнік зайшоў з казыроў: заявіў, што не клапоціцца пра сваю рэпутацыю, а хутчэй пра людзей, якія спажываюць інфармацыю. Ён таксама 20 хвілін не мог высветліць, якое права адстойвае. Праект Petitions.by, наадварот, прыйшоў з выразнай пазіцыяй, якую агучыў адвакат Сяргей Зікрацкі. Як мінімум, сайт petitions.by — інструмент для падачы калектыўных зваротаў грамадзян у дзяржаўныя органы, ён дапамагае беларусам рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы.

Пазней юрыст аэрапорта паспрабаваў прыцягнуць да адказнасці аўтара петыцыі, але суд не падтрымаў гэтую ідэю. Пасяджанне скончылася прапановай суддзі адразу ж правесці і сам суд, але пазоўнік папрасіў перанесці яго на іншы дзень, каб падрыхтавацца і «пачытаць што-небудзь». Асноўнае судовае пасяджэнне ўсё ж прызначылі на 30-га жніўня.

Фота з facebook HumanConstanta

Фота з facebook HumanConstanta

Што вырашыў суд на падчас асноўнага пасяджэння

На сённяшнім пасяджэнні, 30 жніўня, адзначае Human Constanta, Нацыянальны аэрапорт так і не змог пераканаўча аргументаваць, чаму сайт петыцый, дзе грамадзяне Беларусі могуць падаць калектыўны зварот у дзяржаўныя органы (што гарантавана Канстытуцыяй), павінен выдаліць петыцыю і нешта абвергнуць.

Суд прыняў рашэнне на карысць Petitions.by і пацвердзіў, што нельга караць за змест звароту ў дзяржаўныя органы, і ўжо тым больш нельга караць пляцоўка, дзе быў размешчаны такі зварот.

Паводле  Human Constanta, kyky.org, petitions.by