Агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў запалены ў Рыме
Агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў запалены 3 траўня ў Рыме ў комплексе Ara Pacis Museum, дзе знаходзіцца знакаміты помнік архітэктуры Арка Міру.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел кіраўніцтва Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў на чале з прэзідэнтам гэтай арганізацыі Янезам Качыянчычам, міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, дырэктар фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін. Янез Качыянчыч перадаў агонь гульняў міністру спорту і турызму Беларусі, у якога пераняла эстафету алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 м Юлія Несцярэнка, а затым – трыумфатар Алімпіяды ў Рыа Уладзіслаў Ганчароў. Пасля праслаўленая фехтавальшчыца, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова аддала факел II Еўрапейскіх гульняў беларускім байкерам.
Па дарозе ў Беларусь 5-7 траўня запланавана падняць факел на вышэйшую кропку Еўропы гару Манблан. Гэта зробяць беларускія альпіністы. Плануецца наведаць Нацыянальныя алімпійскія камітэты Славеніі, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Польшчы. Полымя будзе дастаўлена ў Беларусь у суправаджэнні байкерскага клуба The One Chapter Belarus. У Беларусі эстафета пачне свой шлях 12 мая, факел мультыспартыўнага форуму пабывае ва ўсіх рэгіёнах: у Брэсцкім – 12-17 мая, Гарадзенскім – 18-23 мая, Віцебскім – 24-29 мая, Магілёўскім – 30 мая – 4 чэрвеня, Гомельскім – 5-10 чэрвеня, Мінскім – 11-16 чэрвеня.
У Мінску «Полымя міру» сустрэнуць 17 чэрвеня на плошчы Дзяржаўнага сцяга. У гэты ж дзень факел пройдзе па праспекце Пераможцаў, 18 чэрвеня – па праспекце Незалежнасці. 19 чэрвеня ўдзельнікі эстафеты накіруюцца на мінскія прадпрыемствы. Далей плануецца наведванне паркаў і выдатных мясцін горада, удзел у цырымоніі прывітання атлетаў у Вёсцы спартсменаў. Маршрут эстафеты завершыцца 21 чэрвеня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне »Дынама» – у час цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў будзе запалены агонь форуму. II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Беларусь атрымала права на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў 21 кастрычніка 2016 года па выніках галасавання дэлегатаў з 50 краін на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у Мінску.
Паводле «Радыё Рацыя»