Акцыя каля Валадаркі завяршылася складаннем пратаколаў
27 мая акцыю салідарнасці са Зміцерам Паліенкам правялі грамадскія актывісты на вуліцы Валадарскага.
Актывісты сабраліся каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе ўтрымліваецца пад вартай арыштаваны за роварны заезд «Крытычная маса» актывіст Зміцер Паліенка.
Праз некалькі хвілінаў да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт.23.34 КаАП).
У пікеце, прысвечаным дню народзінаў Паліенкі, якому споўнілася 22 гады, прымалі ўдзел Зміцер Дашкевіч, Павал Пракаповіч, Максім Вінярскі, Вольга Мікалайчык, Сяргей Мацкойць і Леанід Кулакоў.
Удзельнікі пікету трымалі партрэты Паліенкі, бел-чырвона-белы-сцяг і праз мегафон гучна віншавалі Паліенку з днём народзінаў, а таксама скандавалі: «Жыве Беларусь!»
spring96.org
Фота Радыё Свабода