Акцыя па пасадцы лесу на пашкоджаных ураганам участках стартуе ў Беларусі
Добраахвотная акцыя «Адновім лясы разам!» па пасадцы лясоў на тэрыторыях, пашкоджаных ліпеньскім ураганам, пройдзе з 8 па 31 кастрычніка, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
«Апошнімі днямі ў большай частцы раёнаў краіны ўсталявалася халоднае дажджлівае надвор'е. Вільготная глеба і спрыяльны тэмпературны рэжым выдатна падыходзяць для стварэння новых лясоў. Сумеснымі намаганнямі мы зможам аднавіць беларускі лес і перадаць яго нашчадкам», — падкрэслілі ў прэс-службе.
Мінлясгас запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у акцыі ў любы дзень. У прэс-службе растлумачылі, што будуць вызначаны ўчасткі для пасадак, лясгасы падрыхтуюць пасадачны матэрыял і прылады працы.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў акцыі пачалася 5 кастрычніка ў абласных вытворчых лесагаспадарчых аб'яднаннях. Як паведамлялася, у ліпені 2016 года на Беларусь абрынулася стыхія. Разбурэнні ў лясной гаспадарцы ў міністэрстве назвалі самымі маштабнымі.
Сур'ёзней за ўсё пацярпелі Бярэзінскі, Дзяржынскі, Мінскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці і Мазырскі раён Гомельскай вобласці. Усяго па краіне ў ліпені было пашкоджана больш за 4 млн кубаметраў драўніны на плошчы амаль 12,8 тыс. га.
Паводле belta.by