Акцыя пратэсту перавозчыкаў ля Дома ўрада сёння не адбылася

Журналісты і міліцыянты дарма чакалі ля Дома ўрада акцыі пратэсту грузаперавозчыкаў, якія павінны былі сёння патрапіць на прыём да першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага. На пазначаны час — 9 гадзінаў раніцы, да Дому ўрада ніхто не з’явіўся.



fury.jpg

На плошчы Незалежнасці сабралося каля 15 прадстаўнікоў беларускіх СМІ і некалькі дзясяткаў міліцыянтаў у штацкім. Удзельнікаў акцыі яны чакалі прыкладна паўгадзіны. За гэты час ніхто не з’явіўся. Журналісты вырашылі разыходзіцца.

Нагадаем, што пра правядзенне акцыі абвясціў 26 студзеня дырэктар фірмы міжнародных грузаперавозак Сяргей Штода. Гэта было выклікана тым, што беларускія грузаперавозчыкі апынуліся на мяжы знішчэння.

Дырэктары фірмаў міжнародных грузаперавозак «патрапілі» на сур'ёзныя штрафы парадку 50-80 тысяч еўра з-за недасканаласці новай сістэмы платных аўтадарог BelToll. Для многіх з іх гэта азначае банкруцтва, а чыноўнікі разводзяць рукамі і спасылаюцца на чалавечы фактар, з-за якога парушальнікаў першапачаткова не апавясцілі аб тым, што штрафы налічваюцца з велізарнай хуткасцю і практычна штодня. Дырэктары фірмаў прыгразілі выйсці на вуліцы, перакрыць кальцавую і нават спаліць свае фуры ў знак пратэсту.

Улады абяцалі правесці амністыю па штрафах, якія ўтварыліся ў першыя тры месяцы працы сістэмы BelToll з прычыны тэхнічных збояў сістэмы і недастатковага інфармавання перавозчыкаў з нагоды новаўвядзення. Аднак пасля змены эканамічнай сітуацыі, улады забралі сваё абяцанне ўзад. Такім чынам, перавозчыкі павінны выплаціць буйныя сумы грошай у якасці штрафаў.

Раніцай 3 лютага Сяргей Штода адправіўся на сустрэчу з першым віцэ-прэм'ерам Васілём Мацюшэўскім. На сустрэчы планавалася абмеркаваць, як выйсці з сітуацыі. Аднак гэтая сустрэча аказалася пасткай — Штоду затрымалі міліцыянты і ён у той жа дзень быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што «лаяўся матам».