Акцыя ў Берасці: Нямеччына і СССР у роўнай ступені вінаватыя ў вайне

Перад днём перамогі берасцейскія актывісты правялі акцыю, мэтай якой было паказаць, што ў другой сусветнай вайне ў роўнай ступені вінаватая як фашысткая Нямеччына так і СССР. Амаль пад самі вокнамі берасцейскага аблвыканкаму актывісты вывесілі плакаты з фотаздымкамі сумеснага нямецка-савецкага парада 1939 года ў Берасці і параўналі два рэжымы – савецкі і фашысцкі.



nazy_balszaviki.jpg

Культ перамогі


«У апошнія гады Дзень перамогі ўсё больш і больш набывае рысы рэлігійнага культу», – напісалі актывісты ў дасланым «Белсату» прэс-рэлізе. – «З іканастасамі, рэлігійнымі шэсцямі, а, галоўнае, святасці і безкрытычнасці самога ўдзелу СССР у Другой сусветнай вайне. У СССР ідэалогія вучыла пра «вераломны напад Гітлера» і абарону савецкім народам заваёваў Кастрычніцкай рэвалюцыі, зараз жа пра міфічныя заваёвы сацыялізму неяк маўчаць (сапраўды, сёння ўсё ж няёмка сцвярджаць што фабрыкі належалі працоўным, а зямля сялянам)».
Затое напоўніцу раскручваецца ўсхваленне расейскага мілітарызму, на першы план выходзіць радасць з таго што вынікі вайны зафіксавалі найбольшую тэрытарыяльную экспансію СССР/Расеі ў Еўропе, а жаль чуецца не аб мільённых ахвярах, а аб тым, што дасягненні той экспансіі страчаныя. Падзеі ва Украіне дэманструюць прагу рэваншу сённяшніх чэкістаў пры ўладзе.

Гэта не айчынная вайна


Што да Беларусі – гэтая вайна не была для яе айчыннай – падкрэсліваюць арганізатары акцыі. Бальшавізм і нацызм, якія па лютасці ды крыважэрнасці не саступалі адно адному, выкарыстоўвалі нашую краіну як арэну для схваткі за сусветнае панаванне. У верасні 1939 году Берасце стаў месцам правядзення сумеснага параду войскаў Вермахту і РККА. Бальшавікі і нацысты былі партнёрамі, а іхным агульным ворагам – беларусы, украінцы, палякі, чэхі… тыя народы якія хацелі жыць сваёй дзяржаваю. Пасля 1945 году бальшавікі паспяхова рабілі ў Беларусі, Украіне ды іншых краінах тое, што і фашысты: дэпартавалі сотні тысячаў чалавек у ГУЛАГ, знішчалі культуру, расстрэльвалі нацыянальную эліту…
«Нацызм быў пераможаны і асуджаны. Бальшавізм дагэтуль не. Мы – за праўду аб вайне! І Германія, і СССР у роўнай ступені вінаватыя ў бойні. Ні нам, ні Еўропе нельга на гэта забывацца», – дадаюць арганізатары акцыі.

belsat.eu