Апытанне ў Магілёве: З чым у вас асацыюецца жоўта-чорная стужка?
Жыхары Магілёва адказалі на пытанне БелаПАН: "Як вы ставіцеся да тых, хто аздабляе свае аўто ці вопратку жоўта-чорнымі стужкамі? З чым для вас асацыюецца гэта стужка — з Другой сусветнай вайной ці з вайной ва Украіне?"
"Гэта чыста паказуха. У мяне таксама ёсць машына, але я на яе не ляплю гэтыя стужкі. Асацыяцыі з Другой сусветнай вайной. Я не магу зразумець, што яны там робяць і што дзеляць на тым
Данбасе".
"Я іх падтрымліваю, але яны ж відаць неяк мусяць выявіць сваю грамадзянскую пазіцыю да гэтай стужкі. Асацыяцыі толькі з Вялікай Айчынай вайной. Гэта ж адтуль георгіеўская стужка. Мне
падаецца, што з Данбасам гэта ніяк не звязана".
"Больш асацыяцыяў з Вялікай Айчынай вайной. Мой дзед ваяваў. У мяне таксама вісіць на машыне. Што хачу гэтым прадэманстраваць? Ну, відаць, нейкую павагу да ветэранаў. Але дакладна
адказаць не магу".
"Хутчэй за ўсё, толькі асацыяцыі з Вялікай Айчынай вайной, бо гэта ўсё-такі георгіеўская стужка. А Данбас ёсць Данбас. Гэта асобная тэма для гутаркі".
"Гэта нават не Савецкі Саюз, а Расія. Ніякіх негатыўных адчуванняў стужкі не выклікаюць. Бацькі, дзяды, прадзеды змагаліся з гэтымі сімваламі. У гэтым ніякай заганы я не
бачу".
"Ды нармальная ў мяне рэакцыя. Мы ж не ва Украіне. У нас усё можна. Няхай хоць і амерыканскі сцяг вешаюць. У мяне асацыяцыі і з першым і другім. Але, хутчэй за ўсё, з вайной, чым з
Данбасам. Ну, што гэты Данбас. Хаця і Данбас таксама".
"Я шчыра хачу сказаць, што ніякіх асацыяцыяў у мяне няма. Такое жыццё цяпер смешнае".
"Георгіеўская патрыятычная стужка пазіцыянуе наш дух, нашу сілу. Рускі і беларускі народы адстаялі свой гонар у Другой сусветнай вайне супраць нацызму. Да падзеяў, якія адбываюцца ва
Украіне, гэта не мае ніякага дачынення".
"Вялікая Айчынная вайна. Перамога! Мой бацька змагаўся. Паліцаяў расстрэльваў. У яго медаль ёсць з гэтай стужкай. А я супраць бандэраўцаў гэтых".
"Георгіеўская — гэта гістарычная стужка. Цяпер уся Еўропа ходзіць у георгіеўскіх стужках — я па тэлевізары бачыў. Сядзяць там у Чэхіі ветэраны, у Германіі ветэраны
— усе з георгіеўскімі стужкамі".
"Я былы вайсковец, і тое, што цяпер разводзяць вакол гэтага ўсяго і кожны ачкі імкнецца набраць, — гэта глупства. І не інтэлігентна. Мы ўсё кідаемся з аднае крайнасці ў другую.
Сярэдзіны ў нас няма…"
БелаПАН