Актывіста аргкамітэту БХД Алега Аксёнава паставілі на прафулік у КДБ
Каардынатара аргкамітэта па стварэнні Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" ў горадзе Магілёве Алега Аксёнава паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ за "дзейнасць ад
імя незарэгістраванай арганізацыі". Пра гэта яму паведамілі 22 кастрычніка.
"Як мне сказалі ў КДБ, гэта першы крок да крымінальнага артыкулу", — паведаміў Алег Аксёнаў.
Спробы патлумачыць, што Алег Аксёнаў дзейнічае ад імя аргкамітэту, а не партыі, супрацоўнікі КДБ да ўвагі не бралі. "Загад аб маёй пастаноўцы на ўлік падпісалі яшчэ 11 кастрычніка, таму
ніякія мае тлумачэнні ўжо значэння не мелі", — падкрэсліў актывіст аргкамітэту.
Алег Аксёнаў не збіраецца мірыцца з гэтым рашэннем КДБ, і таму падаў скаргу ў мясцовае аддзяленне КДБ на дзеянні супрацоўнікаў камітэту.
Актывіст таксама мае намер абскарджваць пастаноўку на ўлік у КДБ у судзе. Але гэта абцяжарваецца тым, што ў КДБ яму не выдалі ніякіх дакументаў аб пастаноўцы на ўлік.
Прэсавая служба БХД