Актывісты кажуць, што ў Наваполацку нішчаць прытулак для жывёлаў. Улады: «Гэта фэйк»

У Наваполацку актывісты, якія займаюцца даглядам за бясхатнімі жывёламі, заяўляюць пра мэтанакіраванае знішчэнне створанага імі прытулку. Мясцовыя ж улады гэтую інфармацыю абвяргаюць. Як распавяла belsat.eu старшыня рады таварыства абароны жывёлаў «Сябар» Наталля Плігаўка, месца пад прытулак было вылучанае на тэрыторыі спецаўтабазы «шмат гадоў таму».

16_1_768x432.jpg

Дазвол давала, з ейных словаў, Наталля Качанава – яшчэ калі яна ўзначальвала Наваполацкі гарвыканкам (зараз Наталля Качанава кіруе Адміністрацыяй прэзідэнта Беларусі. – Belsat.eu). Але зарэгістраваць прытулак так і не атрымалася.


«Нас вадзілі за нос»

«Нам выдалі ключы і мы сталі будаваць вальеры. Прасілі аформіць дакументальна, каб усё было законна, але нас з тых часоў вадзілі за нос», – распавяла суразмоўца.
Нягледзячы на гэта, кажа Наталля Плігаўка, усе сабакі былі прышчэпленыя, апрацаваныя і стэрылізаваныя, а выглядалі «проста нібыта з выставы – усе бліскучыя, выпешчаныя». Жылі яны ў вальерах па 50 квадратных метраў.
Але, па словах актывісткі, стасункі з уладамі ў прытулку не складваліся.
«Дайшло да таго, што два гады таму зайшлі ў вальеры і пастралялі сабакаў. Аднаго сабаку забілі», – распавяла старшыня таварыства.

Сказалі «ехаць і ламаць вальеры»

Яшчэ пазней, адзначыла яна, бульдозерамі былі паламаныя некаторыя вальеры. А сёлета, у ноч з 6 на 7 чэрвеня, з прытулку забралі 48 сабакаў і адвезлі ў пункт пяцідзённага ўтрымання жывёлаў.
«Гэтыя сабакі знаходзяцца ў металічных клетках. Дахі, бакі – металічныя. У самую спёку, калі было каля 30-ці градусаў, іх туды памясцілі. Вальеры – прыкладна 6-8 метраў квадратных. То бок разлічаныя на аднаго сабаку. Сабакаў змясцілі ад трох да сямі ў кожны вальер. Прычым сабакаў, якія не сябруюць адно з адным, змясцілі разам. Яны зараз б’юцца, адно аднаго дзяруць», – заяўляе абаронца жывёлаў.
У прытулку засталося каля дзесяці сабакаў. А 17 чэрвеня бульдозеры зноў знеслі частку вальеру. Паводле Наталлі, улады абяцаюць, што не будуць зносіць прытулак, а працоўныя спецаўтабазы заяўляюць, што ім загадалі ехаць і ламаць вальеры. Суразмоўца мяркуе, што ў бліжэйшы час прытулак можа быць разбураны цалкам.
У сваю чаргу, актывістка Людміла Бабанская, якая ў 1990-х гадах была дэпутаткай Наваполацкага гарсавету, увогуле заяўляе, што ў горадзе ідзе мэтанакіраванае вынішчэнне бясхатніх жывёлаў і зараз іх стала нашмат менш, чым было раней.

«Самавольна ўчынілі прытулак»

Наваполацкія ўлады абвяргаюць знішчэнне і прытулку, і жывёлаў. Пра гэта распавёў belsat.eu начальнік аддзелу ідэалагічнай працы Наваполацкага гарвыканкаму Мікалай Раманоўскі.
«Гэта інфармацыя [пра знішчэнне прытулку. – Заўв. belsat.eu] абсалютна фэйкавая. Ніякія ў нас не зносяцца вальеры. У нас наадварот адчыніўся прытулак на тэрыторыі спецаўтабазы для бясхатніх сабакаў, за якімі даглядаюць валанцёры», – адзначыў суразмоўца.
Што датычыць прытулку таварыства абароны жывёлаў «Сябар», Мікалай Раманоўскі заявіў, што іх ніхто не зносіць, а яны «самавольна нешта ўчынілі на тэрыторыі той самай спецаўтабазы».
«Ім было прапанавана ў прыватным парадку разабраць той хлам, які яны там стварылі», – распавёў прадстаўнік гарвыканкаму.
Ён адзначыў, што ў афіцыйным прытулку на тэрыторыі наваполацкай спецаўтабазы знаходзяцца 49 сабакаў, якія прайшлі ўсе медычныя і санітарныя працэдуры. І тры з іх ужо знайшлі сваіх уладальнікаў і з’ехалі жыць у сем’і.