Актывісты «Маладога фронту» патрабуюць перайменавання вуліцы Леніна ў Мінску

«Малады фронт» лічыць, што на прыкладзе Леніна сёння «можна выхаваць толькі злачынцаў і вар'ятаў».



lenin1.jpg

7 лістапада ў межах кампаніі па дэкамунізацыі беларускага грамадства актывісты арганізацыі «Малады фронт» пераслалі ў Мінскі гарвыканкам і Савет міністраў Беларусі лісты з патрабаваннем вяртання сталічнай вуліцы Леніна яе гістарычнай назвы — Францысканская.
Як паведаміла БелаПАН актывістка арганізацыі Анастасія Дашкевіч, па двух адрасах заказнымі лістамі накіраваныя каля двухсот подпісаў. «Мы зрабілі гэта сімвалічна 7 лістапада. Прыйшлося перасылаць подпісы заказнымі лістамі, бо гэты дзень у Беларусі лічыцца святочным», — патлумачыла Дашкевіч.
У звароце да ўладаў актывісты «Маладога фронту» нагадалі «пра адну з самых злачынных акцый камуністаў і непасрэдна Леніна — тэрор супраць хрысціянскай царквы».

«Менавіта Леніну належаць словы: «Нам у што бы то ні стала неабходна правесці канфіскацыю царкоўных каштоўнасцяў самым рашучым і самым хуткім чынам, чым мы можам забяспечыць сабе фонд у некалькі сотняў мільёнаў залатых рублёў (трэба ўспомніць гіганцкія багацці некаторых манастыроў і лаўр). Чым большую колькасць прадстаўнікоў рэакцыйнага духавенства і рэакцыйнай буржуазіі атрымаецца з гэтай нагоды расстраляць, тым лепш. Трэба менавіта цяпер правучыць гэтую публіку так, каб на некалькі дзесяткаў гадоў ні пра які супраціў яны не смелі і думаць», — гаворыцца ў звароце.


Актывісты «Маладога фронту» лічаць, што «нягледзячы на шматлікія факты злачынстваў» асоба Леніна да гэтага часу «станоўча прапагандуецца ў Беларусі, падаецца як прыклад для моладзі і ўсяго грамадства». На іх думку, на такім «прыкладзе можна выхаваць толькі злачынцаў і вар'ятаў».
belapan.by