Алег Корбан атрымаў «святочны ліст» ад «Мінсктранса» — на суму, эквівалентную $15 тысяч

Грамадскі актывіст Алег Корбан атрымаў іск ад «Мінсктранса» на суму 37 716,56 рублёў, гэта амаль 15 тысяч долараў.

fb_img_1640619832750__1_.jpg


Алег Корбан, грамадскі актывіст, лідар грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва, зараз адбывае тэрмін у 1,5 гадоў «хатняй хіміі». За свой удзел у леташніх мірных акцыях пратэсту ён быў пакараны двойчы. У кастрычніку мінулага года адседзеў 15 содняў у ІЧУ. Пасля адміністрацыйнага тэрміну не выйшаў на волю, а быў пераведзены ў СІЗА-1. 23 красавіка 2021 года на закрытым судзе Алега Корбана асудзілі на 1,5 «хатняй хіміі».
Сёння, 27 снежня, яго агаломшылі «святочным лістом» з суда Маскоўскага раёна з іскавай заявай ад «Мінсктранса» на суму 35 920,53 рублёў.
— Падыходжу да свайго пад'езду, а там мяне сустракае паштальёнка і аддае ў рукі пад подпіс «святочны ліст» з Маскоўскага суда г. Мінска, — падзяліўся інфармацыяй Алег. — У пісьме позва ў суд. «Мінсктранс» патрабуе грошы за прычыненыя мной гэтай арганізацыі страты коштам больш за 35 тысяч рублёў падчас мірных пратэстаў 23 і 30 жніўня 2020 года, а таксама 6 верасня 2020 года. Таксама яны хочуць, каб я заплаціў дзяржпошліну — 1 796,03 рублёў на карысць дзяржавы. У выніку павінен заплаціць 37 716,56 рублёў! А гэта амаль $15 тысяч. Ну і як гэта назваць?..

fb_img_1640612705197.jpg


Алег пакуль аніяк не можа пракаментаваць непрыемную навіну.
— Трэба дачакацца рашэння суда, і калі такі пазоў усё ж прысудзяць, то цікава, якім чынам мне будуць прапаноўваць пагасіць такую велізарную і непад'емную суму, — кажа актывіст.