Алег Сянцоў напісаў праваабаронцам ліст з калоніі

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, які галадае ў калоніі, напісаў ліст праваабаронцам Мікалаю і Таццяне Шчур. Ліст быў адпраўлены 7 чэрвеня.

bc77d245_8859_46b4_ac45_8301346b1855_w1023_r1_s.jpg

У лісце Сянцоў распавёў, што ў калоніі пра яго добра клапоцяцца і што за ім пастаянна назіраюць лекары. Паводле яго слоў, некалькі дзён таму яго перавялі ў санчастку лагера і далі асобную палату.
«Як для чацвёртага тыдня палёту, пілот адчувае сябе нармальна! :)) Далей паглядзім, але ўсе разумеюць, што я не адступлю, таму рыхтуюць варыянты далейшага захавання майго здароўя. Так што пра гэта пакуль не турбуйцеся».
Сянцоў, які адбывае 20-гадовы тэрмін па абвінавачванні ў тэрарызме, абвясціў бестэрміновую галадоўку 14 мая. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітвязняў у Расіі. Сябе ў гэты спіс рэжысёр не ўключыў.
У падтрымку Сянцова выступаюць шматлікія дзеячы культуры — як у Расіі, так і за мяжой.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на «прамой лініі» заявіў, што ўлады «пакуль не думалі» аб магчымым абмене Сянцова на журналіста Кірыла Вышынскага, які абвінавачваецца ў здрадзе ва Украіне.
Паводле meduza.io