Алексіевіч пра забойствы ў Арланда: Бяспека — гэта ілюзія
Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч на гэтым тыдні мела сустрэчу з чытачамі ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Нагодай для сустрэчы стаў выхад у ЗША перакладу яе апошняй кнігі «Час сэканд-хэнд».
Святлана Алексіевіч на сустрэчы, якую вяла колішняя дырэктарка расійскай службы "Радыё Свабода" Маша Гесэн, распавядала пра свой творчы метад і пра тое, над чым працуе цяпер.
Адказваючы на просьбу Гесэн пракаментаваць масавае забойства 49 чалавек у гей-клюбе ў Арланда на Флорыдзе ў мінулыя выходныя, Алексіевіч сказала:
«Я думаю, што пачуццё бяспекі, магчыма, страчанае і з'яўляецца ілюзіяй. У нас у Беларусі была жанчына, якая з'ехала ў Ізраіль у асноўным дзеля бяспекі, а потым у Іспанію, і ў Іспаніі яна патрапіла ў тую жудасную тэрарыстычную атаку. Насамрэч няма такога месца, куды вы маглі б збегчы».
Паводле svaboda.org