«Алесевы вочы сказалі мне пра многае»: Сяржук Сыс узгадвае пра сустрэчы з затрыманымі калегамі
Праваабаронца і пісьменнік Сяржук Сыс — адзін з тых, да каго ранкам 14 ліпеня 2021 года завіталі з ператрусам сілавікі па «справе «Вясны», Сяржука затрымалі, а праз двое сутак выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Праваабаронца і пісьменнік Сяржук Сыс — адзін з тых, да каго ранкам 14 ліпеня 2021 года
завіталі з ператрусам сілавікі па “справе “Вясны”, Сяржука затрымалі, а праз
двое сутак выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Сёння Сяржук Сыс узгадвае свае мімалётныя сустрэчы з калегамі і сябрамі ў тыя дні, якія адбываліся і ў калідорах Следчага камітэту, і ў калідорах Акрэсціна.
"Ліпень 2021 года быў вельмі спякотным ва ўсіх сэнсах і гэтая акалічнасць вымагала зменаў у звыклым жыццёвым раскладзе. Напрыклад, штораніцы, у 6 гадзін я сядаў на ровар і выпраўляўся на Цнянку “асвяжыцца” перад працоўным днём. 14 ліпеня перавярнула ўсё ў жыцці: менавіта ў 6 гадзін для да мяне завіталі з “візітам” шэсць дужых хлапцоў. Няцяжка было здагадацца, што ім быў вядомы мой штодзённы расклад, а гэта сведчыць, што масавае затрыманне, прынамсі “вясноўцаў”, рыхтавалася загадзя і было добра распланаванае.
Пад час першага ў той дзень допыту ў ДФР я выпрасіўся ў іхніх аператыўнікаў, каб дазволілі пакурыць. Адзін з іх правёў мяне ва ўнутраны дворык, дзе я ціхенька змог задаць яму галоўнае на той момант пытанне: “А што, мяне аднаго забралі?”
“Ды не, забралі ўсіх вашых”, — пачулася ў адказ.
Не скажу, што гэта мяне неяк суцешыла.
Прыкладна каля гадзіны дня мяне перавезлі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту. Тут адбылася першая сустрэча з яшчэ адным затрыманым калегам. Гэта быў Уладзімір Лабковіч. Яго выводзілі некалькі чалавек з будынку СК ў службовы аўтамабіль. Перад вачамі і зараз стаіць ягоны вобраз: суровы і крыху змрочны. Падалося яшчэ, што Уладзя моцна засяроджаны ў сваіх думках. Мы паспелі абмяняцца толькі позіркамі.
Допыт у СК цягнуўся вельмі доўга, гадзін да васьмі вечара. Ізноў жа з-за спёкі дзверы многіх кабінетаў былі адчыненыя. Часам я чуў галасы калег і каляжанак, сярод якіх пазнаваўся спакойны голас нашага Валіка, шаноўнага Валянціна Стэфановіча, некага бачыў на калідоры, калі мяне на некалькі хвілін выводзілі туды, і тады толькі зразумеў сапраўдныя масштабы наезду на праваабаронцаў.
Наступнай у той дзень я ўбачыў краем вока сваю
каляжанку-“вясноўку”. Гэта было на Акрэсціна, дзе нас закінулі ў “стаканы”.
Пазней у камеры, праз кармушку, я чуў ейны настойлівы і цвёрды голас — яна рашуча і неаднаразова патрабавала ў
надзіральнікаў, каб тыя адчынілі ў жаноцкай камеры фортку. І ўрэшце дамаглася
свайго, маўляў, ведай нашых!
Ноч у спякотнай і вільготнай камеры была трывожнай, без сну і спакою, з правакацыямі падсадных суседзяў, якія да ранку насіліся ўзад-уперад па камеры, патрабавалі цыгарэты ў ахоўнікаў — і тыя ім выдавалі па некалькі штук. Ранкам іх вывелі і амаль да 15 гадзін дня я заставаўся ў камеры сам-насам са сваімі цяжкімі думкамі.
Пасля абеду загадалі збірацца на допыт, вывелі ў калідор бліжэй да выхаду і паставілі тварам да сцяны. І вось у гэты момант адбылася самая кранальная і важная для мяне ў той час сустрэча. У калідор завялі Алеся Бяляцкага і таксама паставілі да сцяны.
Алесь павярнуўся да мяне і неяк вельмі цёпла пасміхнуўся, паказаўшы пальцамі “вікторыю”.
“Не размаўляць!” — пачуўся грубы загад.
А мы і не размаўлялі. Мы добра паразумеліся позіркамі. Паспелі навучыцца за чатыры дзясяткі гадоў сяброўства.
У той момант Алесевы вочы сказалі пра многае. У позірку была і падтрымка, і суцяшэнне, і непахісная вера ў тую справядлівую справу, якой чвэрць стагоддзя займаецца “Вясна”.
Менавіта гэтая сустрэча з Алесем Бяляцкім і надала мне трываласці, а таксама разумення, што я не адзін, што мы вытрываем, што праўда ўсё адно за намі.