Аляксандра Францкевіча пазбавілі спаткання з маці

Палітвязень Аляксандр Францкевіч пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання з маці, якое было запланавана на сярэдзіну студзеня. Прычына — знаходжанне палітвязня ў чужым атрадзе, што з’яўляецца парушэннем рэжыму адбыцця пакарання.



5c2f6176_eb94_4c0d_90b1_42771e28f77d_mw800_s.jpg

Пра гэта Рацыі паведаміла маці зняволенага актывіста Таццяна Францкевіч. Учора яна разам з адвакатам наведала сына ў Івацэвіцкай калоніі "Воўчыя норы". Палітвязень толькі што выйшаў са штрафнога ізалятара, дзе другі раз за год правёў 10 сутак за адмову выконваць прыніжальныя загады адміністрацыі калоніі. Апроч таго, па словах Таццяны Францкевіч, у яе сына значна пагоршыўся стан здароўя. У бліжэйшы час яна збіраецца даслаць яму медыцынскую бандэроль.

У маі мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па "справе анархістаў". Яго абвінавацілі ў нападзе на шэраг дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама. На судзе сваёй віны ён не прызнаў. Праваабаронцы прызналі Францкевіча палітычным зняволеным і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

Аляксандр Ярашэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Мінск