Алега Керуля прысудзілі да 25 сутак арышту
У судзе Першамайскага раёна Менска прадоўжыўся разгляд адміністратыўнай справы актывіста Алега Керуля. Прысуд — 25 сутак арышту.
![kerulj.jpg kerulj.jpg](/img/v1/news/full/kerulj.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
14 траўня суддзя Юрый Гарбатоўскі, які вёў адміністратыўны працэс супраць актывіста Алега Керуля, накіраваў справу актывіста на дапрацоўку. Падчас разгляду справы ўзнікла шмат
спрэчных момантаў, бо сведкі з боку міліцыі В.С. Жарскі і Б.Г. Бык разыходзіліся ў сваіх паказаннях.
Алег Керуль быў адпушчаны з суда. Аднак ён вырашыў зайсці за сваімі рэчамі ў РУУС Першамайскага раёна і там яго ізноў затрымалі. Пра гэта супрацоўнікі РУУС паведамілі сябру Керуля
Дзмітрыю, паведаміўшы што тым часам яны дапрацуюць матэрыялы справы. Паводле закону, Алег Керуль да новага разгляду справы ў судзе мусіў знаходзіцца на волі.
Алега Керуля затрымалі 13 траўня каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску . Ён расклейваў налепкі з тэкстам салідарнасці з затрыманымі напярэдадні ЧС па хакеі.
Паводле праваабарончага цэнтра "Вясна"