Алеся Бяляцкага пазбавілі прадуктовай перадачы
Палітычназняволены кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі пазбаўлены прадуктовай перадачы. Пра гэта дазналася ягоная жонка Наталля Пінчук, наведаўшы Бабруйскую калонію №2, дзе Бяляцкі адбывае пакаранне.
Наталля Пінчукраспавядае:
—Завозілася Алесю рэчавую перадачу. Рэчавая перадача дазваляецца адзін раз на год. Яе не маюць права пазбаўляць. Разам з тым атрымала навіну і горшага парадку: справа ў тым, што ў выніку новага спагнання Алесь пазбаўлены прадуктовай перадачы і будзе на яе мець права толькі са жніўня месяца. Спагнанне было накладзена недзе напрыканцы сакавіка.
Алесь Бяляцкі сёлета таксама быў пазбаўлены ўсіх спатканняў, як кароткіх, так і доўгатэрміновых. Праваабаронца асуджаны на 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці па артыкуле аб утойванні прыбыткаў. Сваёй віны не прызнаў. Сродкі, якія следства выдала за яго асабістыя, належалі не яму, а накіроўваліся на праваабарончую дзейнасць і падтрымку рэпрэсаваных.