Алесь Бяляцкі: “Ніколі не забуду лязгат цяжкіх жалезных турэмных дзвярэй”

На волю прыйшоў ліст ад Алеся Бяляцкага, які ён напісаў 4 лютага — у дзень, калі мінулі паўтары гады з дня ягонага арышту. “Што тут можна сказаць, час ляціць. Ён і тут не застыў і не спыніўся”, — пасля нешматслоўнага каментару Алесь ілюструе свае пачуцці з гэтай нагоды малюнкамі канадскіх школьнікаў.  



bialiacki_kraty.jpg

Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі піша, што яму вельмі падабаецца даволі вядомы лозунг, які часта пішуць у лістах салідарнасці — “Ніколі не губляй надзеі!”, зазначаючы, што “па-англійску ён гучыць больш хлёстка” — “Never Lose Hope!”
 

“А на гэтым малюнку невядомага мне Філіпа багата розных сімвалаў: два сцяжкі — лукашэнкаўскі і канадскі, каля аднаго —  замок, каля іншага —ключ. Здаецца, усё зразумела…”

“Пакуль жа ключ — у зусім іншых руках”, піша Алесь, узгадваючы лязгат турэмных дзвярэй за плячыма. “Год таму, калі я сядзеў у СІЗА ў Жодзіна, каб прайсці з камеры да кабінету на сустрэчу з адвакатам, трэба было прамінуць 21 дзвер — у падземных калідорах, у пераходзе паміж будынкамі. І ўсе яны адчыняліся перада мной, а затым з лязгатам зачыняліся за спінай. Я ніколі не забуду гэты лязгат цяжкіх, жалезных, тоўстых дзвярэй. Яны дзялілі прастору на кароткія адрэзкі. Імі былі адрэзаныя і будучыня і мінулае. А ты заставаўся ў цяперашнім часе, без мінулага і будучага. Толькі з ахоўнікам, у руках якога быў ключ”.

bialiacki_maliunak_1.jpg

Нагадаем, старшыня ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года ў Мінску. Падчас следства і судовага працэсу, які працягваўся з 2 па 24 лістапада 2011 года, утрымліваўся ў СІЗА–1 на Валадарскага ў Мінску. 1 снежня 2011 года быў пераведзены ў Жодзінскую турму №8. У лютым мінулага года на этапе перапраўкі ў калонію ён зноў 11 дзён прабыў у мінскім СІЗА–1. З 28 лютага 2012 года палітвязень знаходзіцца ў папраўчай калоніі №2 г. Бабруйску.  


spring96.org