Сёння вызваляецца палітвязень Васіль Парфянкоў

Першым у гэтым годзе на волю з-за кратаў выходзіць удзельнік «Плошчы–2010» палітвязень Васіль Парфянкоў. У яго 9 лютага заканчваецца тэрмін зняволення. Адбывае пакаранне ў СІЗА г. Баранавічы.



0fa6b7ff_fec9_4d76_8196_db78f891886a_mw1024_mh768_s.jpg

Падчас выбараў–2010 Васіль актыўна ўдзельнічаў у грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», быў актывістам штаба Уладзіміра Някляева, збіраў подпісы за яго, праводзіў агітацыю. Удзельнік Плошчы–2010.

Парфянкова затрымалі ў Мінску 4 студзеня 2011 года па падазрэнні ў датычнасці да «масавых беспарадкаў» 19 снежня 2010 года. Праз трое сутак ён апынуўся ў мінскім СІЗА па вул. Валадарскага як фігурант крымінальнай справы па арт. 293 Крымінальнага кодэксу.

А ўжо 17 лютага 2011 года Фрунзенскі суд Мінску асудзіў Васіля на 4 гады калоніі строгага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі г. Ворша. З 17 па 27 ліпеня прабыў у штрафным ізалятары «за парушэнне формы вопраткі». 11 жніўня 2011 года быў памілаваны прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і вызвалены. Але ненадоўга.

29 траўня 2012 года Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь суддзёй Першамайскага раёна Мінска Сяргеем Бандарэнкам за парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду.

Прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэнні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў усталяваны за ім з 5 студзеня 2012 года. Падставай для гэтага стаў удзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці.

24 ліпеня Мінскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананне умоваў прэвентыўнага нагляду, усталяванага судом. І 9 жніўня 2012 года Васіль Парфянкоў быў узяты пад варту зноў.

Праваабаронцы адзначалі, што калі ў снежні 2013 года разглядалася пытанне пра магчымасць ўмоўна-датэрміновага вызвалення, то Парфянкову было адмоўлена менавіта на той падставе, што ён не стаў на шлях выпраўлення і парушае правілы адбывання пакарання. Дарэчы, за ўвесь гэты час, наколькі нам вядома, ён не змог нават патэлефанаваць дадому родным, і ягоныя стасункі са светам былі толькі праз ліставанне і праз сустрэчы з адвакатам.

Сёлета чакаецца таксама вызваленне яшчэ двух палітвязняў: Паўла Севярынца і Зміцера Дашкевіча.

Біяграфія Васіля Парфянкова

spring96.org