Алесь Бяляцкі заклікае падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі і не губляць аптымізму (відэа)

4 жніўня ў розных краінах праходзіць Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі, прымеркаваны да гадавіны арышту нядаўняга палітвязня праваабаронцы Алеся Бяляцкага.



bialiacki_in_office.jpg

Кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі

Правядзенне гэтага дня было ініцыявана ў 2012 годзе кааліцыяй няўрадавых арганізацый розных краін для дэманстрацыі салідарнасці з грамадзянскімі сіламі Беларусі і аказання маральнай падтрымкі праваабаронцам і грамадзянскім актывістам, якія працягваюць сваю працу ў краіне.

«Вельмі шмат для ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку і для мяне азначаласалідарнасць і нашых калегаў, і малазнаёмых людзей, якія падтрымлівалі нас сваімі лістамі або з дапамогай правядзення грамадскіх акцый, пікетаў, сустрэч з пасольствамі і гэтак далей…», — адзначае Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю ініцыятарам Дня салідарнасці, кажучы пра важнасць яго правядзення.

Заклікаючы міжнародную грамадскасць да далейшай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронца кажа, што сітуацыя, у якой сёння працуюць актывісты няўрадавых арганізацый у краіне, застаецца вельмі складанай. Ён падкрэслівае, што многія арганізацыі не маюць рэгістрацыі — такая праца пераследуецца паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Асаблівую надзею Алесь Бяляцкі сёння ўскладае на моладзевыя ініцыятывы. «Моладзевыя, часта нефармальныя, ініцыятывы, якія працуюць у кірунку культуры, экалогіі, праваабароны — гэта новыя тэндэнцыі, якія з'явіліся за той час, пакуль я сядзеў у турме. І я вельмі спадзяюся, што гэтыя ініцыятывы будуць развівацца, умацоўваць і актывізаваць беларускую грамадзянскую супольнасць».

Выказваючы падзяку за салідарнасць, Алесь Бяляцкі заклікае заснавальнікаў даты 4 жніўня і ўсіх прыхільнікаў не губляць аптымізму.

Нагадаем, кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і за сваю праваабарончую дзейнасць правёў у зняволенні амаль тры гады. Увесь гэты час краіны Еўрапейскага Саюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабавалі ад уладаў Беларусі вызвалення вязня сумлення.


spring96.org