Алкаголь, вяселлі і метал-рок. Беларусь на незвычайных картах

Працягваем вывучаць месца Сінявокай на незвычайных мапах. Сёння ў фокусе ўвагі: алкаголь, вяселлі, атамная зброя і метал-рок.

Пачаць можна з карты, якая павінна выклікаць трывогу ў грамадстве. Гэтая карта, якая паказвае колькасць ужыванага ў краінах Еўропы чыстага алкаголю ў літрах на адну асобу за год. Як бачым беларусы, калі вядома, верыць складальнікам карты, — адны з лідараў у гэтай галіне. Мы абскакалі нават славянскіх суседзяў —- палякаў і рускіх, чыя любоў да гарэлкі вядомая ва ўсім свеце. З іншага боку трэба прызнаць, што з'ява ў нечым лагічная: шматлікія рэаліі Сінявокай сапраўды мімаволі выклікаюць жаданне накаціць.

photo_2025_01_24_12_50_43.jpg

А гэтая карта, напэўна, выкліча таксама шмат пытанняў. Яна фіксуе сярэдні тэрмін уступлення дзяўчын у шлюб на еўрапейскім кантыненце. 25 гадоў — менавіта ў такім узросце беларускі выходзяць замуж. У параўнанні з іншымі краінамі гэта вельмі рана. Зрэшты для юных славянак, гледзячы на мапу, гэта характэрна. Чаму беларускія дзяўчаты хочуць так хутка ў ЗАГС? Адразу на гэтае пытанне адказаць цяжка.

photo_2025_01_24_12_50_58.jpg

А вось дзе Беларусь знаходзіцца ў аўтсайдэрах — дык гэта ў колькасці рок-гуртоў, якія граюць у стылі «метал». У нас на мільён чалавек толькі 31 гурт. Гэта больш чым у Расіі і ва Украіне, але на парадак менш, чым у Прыбалтыцы і Польшчы. Шкада, што няма статыстыкі наконт колькасці поп-гуртоў і выканаўцаў шансона. Гэта дапамагло б нам лепей зразумець музычныя сімпатыі суайчыннікаў.

photo_2025_01_24_12_51_03.jpg

Чарговая карта вельмі незвычайная. На ёй зялёнай фарбай пазначаныя краіны, якія калісьці мелі ядзерную зброю, але потым яе пазбавіліся. Усяго чатыры краіны ў свеце ўваходзяць у гэты незвычайны клуб: Казхастан, Украіна, Беларусь і Паўднёвая Афрыка. Але тут ёсць адзін аспект. Калі верыць заявам лідараў РБ і РФ, нашая краіна не так даўно вярнула сабе ядзерны статус за кошт размяшчэння тут расійскай ядзернай зброі. З іншага боку, многія эксперты сумняваюцца ў тым, што на беларускай тэрыторыі зноў размешчана атамная зброя.

Вось такая ўнікальная краіна Беларусь — атамную зброю тут то размяшчаюць, то выводзяць, то ствараюць ілюзію, што яна зноў размешчана.

photo_2025_01_24_12_51_08.jpg