Амаль тысяча калегаў заступіліся за работніка БМЗ, які ўдзельнічаў у страйку, але яго ўсё адно звольнілі

Генеральны дырэктар сказаў, што не можа працягнуць завадчаніну кантракт, бо гэтым ён праявіць слабасць.

101_sud.jpg

Учора прынята канчатковае кадравае рашэнне па работніку БМЗ Віталю Савельеву, якога судзілі за ўдзел у страйку на заводзе 17 жніўня. Нагадаем, падчас адбыцця тэрміну адміністрацыйнага арышту завадчаніну на працоўнае месца прыйшло паведамленне, што з ім не будзе працягнуты кантракт, тэрмін якога мінае 4 лістапада. Калектыў прадпрыемства быў абураны і сабраў амаль тысячу подпісаў пад хадайніцтвам, адрасаваным генеральнаму дырэктару БМЗ Дзмітрыю Корчыку.
«Паважаны Дзмітрый Аляксандравіч!
Мы, працаўнікі завода, лічым сваім абавязкам выказацца ў падтрымку і абарону нашага калегі слесара-рамонтніка 6 разраду Савельева В.В.
На заводзе Віталь Віктаравіч працуе ўжо больш за 20 гадоў, 18 з іх непасрэдна ў ЭСПЦ-1, дзе паспяхова выконвае свае абавязкі па цяперашні час. На працягу ўсяго часу працы ён не атрымаў ніводнага спагнання.
Рацыяналізатарская прапанова Савельева В.В. (Мантаж / дэмантаж цыліндру халадзільніка МНЛЗ-2) была высока ацэнена на заводзе і ўкаранёна ў вытворча-тэхналагічны працэс, што дапамагло зэканоміць значныя грашовыя сродкі.
Мы ведаем яго як прафесіянала сваёй справы і надзейнага таварыша. Яго ўзровень кваліфікацыі і ўменняў цалкам адпавядае займанай пасадзе.
Акрамя гэтага, Віталь Віктаравіч выхоўвае непаўналетняе дзіцяці-інваліда, а наша прадпрыемства, як сацыяльна-арыентаванае, не павінна пакінуць яго сам-насам са сваімі праблемамі.
Просім Вас, як вопытнага кіраўніка прадпрыемства, прыслухацца да нашага меркавання і працягнуць з Савельевым В.В. кантракт».
Тыдзень таму на прыёме ў генеральнага дырэктара Дзмітрый Корчык прызнаўся, што ўражаны колькасцю подпісаў у хадайніцтве і паабяцаў зрабіць усё, што ад яго залежыць: пагутарыць асабіста з начальнікам Савельева, з калектывам, высветліць, ці сапраўды ён такі добры спецыяліст.
Учора адбылася вырашальная асабістая сустрэча Віталя з Дзмітрый Корчыкам, на якой у ходзе гадзіннай гутаркі генеральны дырэктар сказаў, што не можа працягнуць завадчаніну кантракт, бо гэтым ён праявіць слабасць.
— Пайсці насустрач людзям — гэта слабасць ?! Гэта называецца чалавечнасцю, Дзмітрый Аляксандравіч! — кажуць падпiсанты хадайніцтва. — Мы Вас прасілі, Вы нас не пачулі. Затое ўбачыце. Хутка. Вельмі хутка!
gomel.today