Амапавец падаў у суд на Nexta і выйграў справу
Прэс-служба МУС паведамляе, што суд Мінскага раёна 10 верасня задаволіў пазоў супрацоўніка мінскага АМАПа Аляксея Кавалёва аб абароне гонару і годнасці да адміністратара тэлеграм-канала Nexta.
Па рашэнні суда, аўтар канала павінен выплаціць Кавалёву кампенсацыю за маральную шкоду ў памеры 2,5 тысяч рублёў. Таксама Nexta павінен абвергнуць непраўдзівую інфармацыю пра Аляксея Кавалёва.
9 ліпеня некалькі ананімных беларускіх тэлеграм-каналаў пачалі распаўсюджваць відэа нізкай якасці, на якім чалавек, падобны да Валерыя Цапкалу, займаецца сексам з дзвюма дзяўчатамі.
Пазней тэлеграм-канал Nexta са спасылкай на ўласныя крыніцы напісаў, што "ў ролі галоўнага героя — клона Цапкалы выступіў прапаршчык міліцыі, кіроўца АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Алег Клеменцьеў". Гэтую інфармацыю абвергла МУС, паведаміўшы, што Клеменцьеў падаў у суд пазоў аб абароне гонару і годнасці.
Неўзабаве Nexta прызнаў, што Клеменцьеў не мае дачынення да роліка, і назваў імя Аляксея Кавалёва.