Настаўніца-«жонка амапаўца» выклікала міліцыю на бел-чырвона-белы карпаратыў

Жанчына назвалася жонкай амапаўца і патрабавала прыбраць "усё гэта бязладдзе".

Фота прадастаўлена героямі публікацыі

Фота прадастаўлена героямі публікацыі


Бел-чырвона-белы карпаратыў Rozum Robotics ледзь не завяршыўся на Акрэсціна. CEO кампаніі Віктар Хамянок напісаў на сваёй старонцы ў фб.
Віктар распавядае, што карпаратыў прымеркаваны да дня нараджэння кампаніі. У Rozum Robotics яго звычайна адзначаюць у першай палове жніўня. Але сёлета жнівень выдаўся "занадта гарачым", таму сабраліся толькі ў мінулую суботу.
Дзень быў "знакавы для ўсіх беларусаў", удакладняе Віктар сайту dev.by — "менавіта 19 верасня 29 гадоў таму быў прыняты наш сцяг і герб, а краіна стала называцца Рэспубліка Беларусь». Каманда вырашыла сумясціць абодва святы.
— Мы прыдумалі лагатып на майкі — вельмі просты і вельмі лагічны: дзве паласы — вядомы кожнаму з першага класа школы знак роўнасці. Крыху пазней да яго прыклаўся слоган: "Свабода! Роўнасць! Братэрства!", — напісаў Віктар.
На карпаратыве ў R-park пад Заслаўем усе супрацоўнікі былі менавіта ў гэтых майках.
— І вось мы прыехалі — усе разышліся: хтосьці лазіў па вяроўках, хтосьці пайшоў гуляць у страйкбол, а хтосьці застаўся гатаваць ежу. А ў суседняй альтанцы адпачывалі настаўнікі, адзначалі Дзень ведаў.
І тут адна з настаўніц падышла да нас і сказала: "У мяне муж амапавец, прыбярыце ўсё гэта бязладдзе — гэтыя сцягі!" Мы ў адказ патлумачылі ёй, які сёння дзень — і для нас, і для краіны. На што яна сказала: "Дзень Дурня сёння!» — развярнулася і сышла.
Потым да нас падышлі іншыя настаўнікі. Сказалі: «Паслухайце, мы адэкватныя людзі, а яна — не, яна сабралася міліцыю выклікаць». Што рабіць: "Нняхай выклікае!" Але потым усё ж мы адправілі дэлегацыю, пагаварыць з ёй.
Нашы хлопцы сказалі: "Навошта нам сварыцца: мы адзін народ". А яна заладзіла, што мы дурні, і ёй непрыемна глядзець, як мы "святкуем сваю перамогу".
Віктар кажа, што падключылася нават адміністрацыя ўстановы. Яны падышлі да каманды Rozum Robotics і папрасілі іх не здымаць майкі "пад націскам суседняй альтанкі, хоць яны і актыўна пратэстуюць супраць вас". "Мы за вас", — сказалі.
— Праз нейкі час прыехала 4 чалавекі: двое з іх у цывільным, мяркуючы з усяго з Заслаўя. Падышлі да нас. Мы распавялі ім, што мы айцішнікі, Адпачываем, ні з кім не сварымся.
Мы ўжо пасябравалі з гэтымі настаўнікамі за гэты час — яны казалі міліцыянтам: "Наша калега неадэкватная" і "калі вы іх забераце, мы з імі паедзем".
Капітан, які быў за галоўнага, зусім разгубіўся: «Дык што мне рабіць? У аддзяленні пытаюцца, дасылаць атрад АМАП ці не?" Я адказаў: "Дасылайце! Будзе афігенная гісторыя, калі цэлую айцішную кампанію з карпаратыву заграбуць за майкі". Тады яны развярнуліся і сышлі.
Віктар кажа, што карпаратыў Rozum Robotics працягнуўся ў вялікай кампаніі —айцішнікі і настаўнікі. "Жонка амапаўца", якая выклікала міліцыю, святкавала ў сваёй альтанцы з невялікай групай калегаў.