Amnesty International абвясціла «Марафон лістоў» у падтрымку Марфы Рабковай
Amnesty International нагадвае, што затрыманне праваабаронцы адбылося на фоне рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла акцыю «Марафон лістоў» у падтрымку праваабаронцы «Вясны», палітычнай зняволенай і вязніцы сумлення Марфы Рабковай, паведамляюць праваабаронцы.
Amnesty International прапануе размясціць на старонках у сацыяльных сетках паведамленне падтрымкі для беларускай праваабаронцы, выкарыстоўваючы хэштэг #МарафонПисем. Усе гэтыя паведамленні будуць затым перададзеныя Марфе Рабковай.
Марфу Рабкову затрымалі 17 верасня, а 25 верасня прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 293 Частка 3 КК Рэспублікі Беларусь («навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»). Цяпер праваабаронца застаецца пад вартай у СІЗА №1 Мінска.
Amnesty International нагадвае, што затрыманне праваабаронцы адбылося на фоне рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Марфа Рабкова была прызнаная вязніцай сумлення, якую пераследуюць выключна за законную праваабарончую дзейнасць, напрыклад, за тое, што яна назірае за дэманстрацыямі і фіксуе доказы парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку катаванні і жорсткае абыходжанне з мірнымі маніфестантамі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
«Марфа Рабкова не датычная да здзяйснення крымінальных злачынстваў. Крымінальны пераслед Марфы Рабковай за праваабарончую дзейнасць і абарону правоў іншых людзей – парушэнне абавязанняў Беларусі ў рамках міжнароднага права ў галіне правоў чалавека. Уладам Беларусі варта неадкладна спыніць пераслед прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтра «Вясна» і іншых актывістаў грамадзянскай супольнасці, а таксама гарантаваць захаванне правоў на свабоду абʼяднанняў і свабоду выказвання меркаванняў усім без выключэння асобам у Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні Amnesty International.