Анархіста Міколу Дзядка паставілі на ўлік у Валадарцы. Цяпер ён не выходзіць з камеры без кайданкоў

Палітвязня Міколу Дзядка паставілі на прафілактычны ўлік у мінскім СІЗА №1 на Валадарскага, піша тэлеграм-канал MDziadok.

Мікола Дзядок. Фота: racyja.com

Мікола Дзядок. Фота: racyja.com

Гэткае рашэнне прыняла адмысловая камісія пад кіраўніцтвам начальніка СІЗА – Цэдрыка А. М. Фармальнай нагодай стала «схільнасць» Міколы Дзядка да гвалту ў дачыненні працаўнікоў адміністрацыі і захопу закладнікаў, а таксама экстрэмізму і іншым дэструктыўным дзеянням.
Цяпер пры выхадах з камеры, а таксама падчас ранішняй і вечаровай праверак на руках анархіста зашпільваюць кайданкі.
Публіцыста і актывіста анархісцкага руху Міколу Дзядка затрымалі 12 лістапада ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. У той самы дзень у МУС заявілі, што «супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі 32-гадовага мінчука Мікалая Дзядка, які на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал «Мiкоlа», дзе публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых закалотах і сілавых акцыях «прамога» дзеяння».
На відэа, апублікаваным прэс-службай ведамства, Мікалай Дзядок выглядаў моцна пабітым. Дзядка вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.
Скарга ягонага бацькі на катаванні падчас затрымання праваахоўныя органы не задаволілі. Следчы камітэт адмовіўся праводзіць праверку.
Белсат