Анатоля Кудласевіча аштрафавалі на 2900 рублёў за БЧБ-сцяг на акне

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна разглядзелі справу барда і пісьменніка Анатоля Кудласевіча. Судовы працэс вяла суддзя Ала Скуратовіч, паведамляюць праваабаронцы.

unnamed_276.jpg

Пратакол на Анатоля склалі па артыкуле 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яго абвінавацілі ў тым, што ён размясціў БЧБ-сцяг на балконе сваёй кватэры. Кудласевіч распавёў, што супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго раніцай 29 верасня, а сцяг у кватэры вісеў яшчэ з 2020 года. Суддзя Скуратовіч зрабіла некалькі заўваг Анатолю, каб ён «гаварыў па сутнасці», бо тое, што «народ падманулі» не мае дачынення да справы. Вынікам суда стаў штраф у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічыняў).
Анатоль Кудласевіч мае інваліднасць другой групы: у яго выдаленае адно лёгкае. Таксама ў мужчыны праблемы з ціскам. Негледзячы на гэта, пісьменніка ноч да суда ўтрымлівалі на Акрэсціна.