«У вашым раёне працуе ГУБАЗ». Знік бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч, яго кватэру разграмілі
Жонка прыйшла з працы 29 верасня і ўбачыла, што дома пагром, а муж знік, піша «Наша Ніва». Пазней стала вядома, што бард Анатоль Кудласевіч аштрафаваны на 2900 рублёў за сцяг на балконе.
«Дакладнай інфармацыі няма. Але сітуацыя такая: маці вярнулася дадому, а там усё разбурана, рэчы раскіданыя па падлозе. Раскіданае абсалютна ўсё, нават нейкія крупы і спецыі.
Няма бацькі, няма двух ноўтбукаў, мабільніка, бацькавых таблетак ад ціску, некаторых асабістых рэчаў. Пры гэтым каштоўнасці не кранутыя, — кажа Мікалай, сын Анатоля Кудласевіча. — Я звязаўся з адвакатам, званіў у міліцыю. Яго пачалі шукаць, мне пазваніў дзяжурны і сказаў, што ў тым раёне, дзе жывуць бацькі, працуе ГУБАЗ.
І сітуацыя ў кватэры падобная на ператрус пасля ГУБАЗа, плюс у бацькі актыўная грамадзянская пазіцыя, ён не саромеецца пісаць у фэйсбуку… І быў пару дзён у камандзе Ціханоўскага мінулай вясной, катаўся па Беларусі…
Таму мяркуем, што тата затрыманы. Але пакуль нічога канкрэтнага няма».
Кудласевіч мае інваліднасць другой групы, у яго выдаленае адно лёгкае праз анкалогію.
«Таксама бацька мае праблемы з ціскам, яму трэба пастаянна прымаць лекі, інакш пачынае задыхацца», — расказвае сын.
У мінулым годзе, нягледзячы на інваліднасць, 60-гадовы Анатоль Кудласевіч быў асуджаны на 10 сутак за «мітынг» падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.
«А вясною 2021 года ў кватэры бацькі ўжо праходзіў ператрус у сувязі са справай Аўтуховіча. Нагодай стала тое, што яны перапісваліся недзе ў сеціве. Але тады праводзілі ператрус даволі далікатна, бацьку дапыталі і адпусцілі», — кажа сын.