У Мінску ў відэааператара, якія супрацоўнічаў з Deutsche Welle, прайшоў ператрус па справе аб тэрарызме
У відэааператара Ягора Камароўскага, які супрацоўнічаў з DW, прайшоў ператрус па справе аб "акце тэрарызму". За два дні да гэтага Камароўскага прысудзілі да адміністрацыйнага арышту за "хуліганства".
Пра ператрус DW паведаміў бацька журналіста Сяргей Камароўскі. Паводле яго слоў, у пастанове пра ператрус пазначаны артыкулы крымінальнага кодэксу "Наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці", а таксама — "Акт тэрарызму".
У працэсе ператрусу на кватэры ў відэааператара ў Мінску канфіскавалі ўсю тэхніку, уключаючы ноўтбук, відэакамеры, запісвальныя прылады і карты памяці, а таксама пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка Deutsche Welle. Разам з тым, як адзначыў бацька Камароўскага, афіцыйна ні падазрэнне, ні абвінавачанне па крымінальнай справе Ягору Камароўскаму пакуль не прад'яўленыя.
У цяперашні час Ягор Камароўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна ў Мінску. Ён быў затрыманы ўвечары 28 верасня ў Мінску, пра што паспеў паведаміць сваякам. На наступны дзень яго асудзілі на 14 сутак адміністрацыйнага арышту за "хуліганства". Абставіны арышту і што сапраўды стала прычынай арышту, блізкім Камароўскага і яго адвакату дакладна невядомыя.